12 мая, у нядзелю Добрага Пастыра, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Ружанцовай у Радуні (Радунскі дэканат).
Падчас урачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей колькасцю больш чым 70 чалавек.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, каб ніколі не было недахопу ў адважных вестунах Божага Евангелля.
У гаміліі, кажучы пра нядзелю Добрага Пастыра, якая з’яўляецца Сусветным днём малітвы аб пакліканнях, біскуп Кашкевіч адзначыў, што жаданне Езуса – сабраць усё чалавецтва вакол сябе, каб усе маглі быць збаўлены. “Хрыстус Уваскрослы рэалізуе гэты план збаўлення з дапамогай людзей, якіх сам выбірае і вызначае ім пэўныя заданні”, – дадаў іерарх.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, усё яшчэ, аднак, у свеце шмат людзей, якія ніколі не чулі пра Езуса і не належаць да Яго аўчарні – Касцёла. Для гэтых людзей яшчэ не настала хвіліна сустрэчы з Добрым Пастырам, хвіліна, калі яны пачуюць Яго голас.
Біскуп падкрэсліў, што ў нядзелю Добрага Пастыра ўвесь Касцёл узносіць малітвы аб новых шматлікіх святарскіх, манаскіх і місіянерскіх пакліканнях. “Молімся, бо ведаем, як моцна сучаснаму свету патрэбны вестуны Евангелля. А паколькі пакліканні – Божы дар, трэба аб гэтым дары маліцца”, – сказаў ён.
Звяртаючыся да моладзі, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, іерарх звярнуў увагу, што свету патрэбны не толькі святары і законныя сёстры, місіянеры і катэхеты.
“Свету патрэбны пабожныя, святыя, умелыя, мудрыя бацькі і маці, мужы і жонкі, урачы і настаўнікі, рабочыя і сяляне, кіраўнікі і прадпрымальнікі”, – дадаў біскуп.
Ён заклікаў моладзь быць вернай Хрысту, жыць Яго навукай, не занядбоўваць малітвы і святых сакрамэнтаў, спаўняць рупліва і старанна свае абавязкі, рэалізуючы з запалам і любоўю сваё жыццёвае пакліканне. “За кожную ж ахвяру, адрачэнне, прысвячэнне сябе для Бога і бліжніх атрымаем шчодрую ўзнагароду, якая не праміне”, – адзначыў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. канонік Станіслаў Пацына падзякаваў біскупу за ўмацаванне маладых людзей да вызнавання веры праз сакрамэнт канфірмацыі і за малітву ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Міхаіл Давідовіч