9 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.
Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям гэтай парафіі, а таксама некалькім вернікам парафіі Перамянення Пана ў Селіванаўцы.
Пасля прыбыцця біскупа ў парафію кандыдаты да канфірмацыі і іх бацькі звярнуліся з просьбай да яго ўдзяліць ім сакрамэнт хрысціянскай сталасці, які, як яны перакананы, паспрыяе ўзрастанню веры ў жыцці маладых людзей.
Звяртаючыся да моладзі, біскуп падкрэсліў важнасць гэтага сакрамэнту і дароў Духа Святога, якія звязаны з ім. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што гэтыя дары чалавек атрымлівае, каб развіваць іх і далей дзяліцца імі. Ён нагадаў пра дэвіз сёлетніх Дыяцэзіяльных дзён моладзі “Па прыкладу Марыі буду служыць Пану” i прасіў маладых вернікаў, каб іх жыццё было адным вялікім служэннем.
Сакрамэнт канфірмацыі патрэбны маладому чалавеку, які ў нашы нялёгкія часы вельмі часта саромеецца сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла і не заўсёды можа быць годным сведкам Езуса Хрыста.
Эвеліна Валюсь, якая ў гэты дзень прыняла сакрамэнт, адзначае, што, паколькі яго можна прыняць толькі раз у жыцці, гэты дзень незвычайна каштоўны для яе. “Я старалася адчуць паўнату Святога Духа і “дакрануцца” да Яго, бо Ён крыніца радасці і любові”, – кажа яна. Дзяўчына дадае, што яшчэ больш умацавала сваю веру і лепш зразумела каштоўнасць гэтага сакрамэнту.
Сакрамэнт канфірмацыі звязаны з вялікай адказнасцю, якую чалавек бярэ на сябе. Таму, як падкрэслівае пасля яго прыняцця Рэната Станкевіч, для яе ён з’яўляецца быццам экзаменам сталасці веры. “Ведаю, што ў жыцці будуць сітуацыі, у якіх буду бараніць сваю веру, а дар мужнасці мне ў гэтым дапаможа. Канфірмацыя – гэта адказнасць за стыль майго жыцця, за мае выбары і паводзіны”, – адзначае дзяўчына. Па яе словах, вельмі цяжка быць вучнем Хрыста для яе пакалення, таму ёй так патрэбны дары Духа Святога, каб адважна крочыць праз жыццё.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і дэкан Сапоцкінскага дэканату кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў усім, хто ўключыўся ў падрыхтоўку моладзі да гэтай падзеі. Ён выказаў спадзяванне, што моладзь сапоцкінскай парафіі будзе ў сваім асяроддзі вучобы, а потым працы з моцай сведчыць пра Уваскрослага Хрыста Пана.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Быкоўская