У першы дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія адбываюцца ў Шчучыне, шмат маладых людзей атрымалі анкеты, якія былі падрыхтаваны сінадальнай Камісіяй па справах моладзі. Ініцыятарам падрыхтоўкі анкет выступіў старшыня гэтай камісіі кс. Ян Раманоўскі.
Анкета павінна дапамагчы глыбей распазнаць узровень рэлігійнага жыцця моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама дапамагчы зразумець, што павінен рабіць Касцёл і душпастыры, каб яшчэ больш мабілізаваць моладзь і ўключаць яе ў жыццё парафіяльных супольнасцяў.
Сярод пытанняў былі такія, чыя мэта паказаць, якія праблемы перажывае моладзь кожны дзень, а таксама як выглядае ўзровень душпастырства моладзі ў канкрэтных парафіях нашага лакальнага Касцёла.
Пытанні датычылі і цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі ў перажыванні і вызнаванні сваёй веры. Пасля аналізу адказаў удзельнікаў Камісія па справах моладзі хоча прапанаваць канкрэтныя рашэнні, каб яшчэ больш ажывіць душпастырства моладзі ў дыяцэзіі і заахвоціць святароў глыбей уключацца ў штодзённае служэнне з маладымі людзьмі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч