6 мая пры парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне распачаліся Дыяцэзіяльны дні моладзі. У першы дзень сустрэчы хлопцы і дзяўчаты сабраліся на супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Яны таксама адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант і ўдзельнічалі ў марыйным набажэнстве. Больш даведацца пра самыя значныя моманты з жыцця Маці Божай, якія павінны служыць прыкладам кожнаму верніку, удзельнікі змаглі падчас канферэнцыі на тэму "Роля служэння ў жыцці хрысціяніна", якую прамовіў а. Юрый Находка ОСD.
"Варта, каб моладзь адчула Марыю як рэальнага чалавека, які змагаецца са сваімі цяжкасцямі ў веры, і прайшла свой жыццёвы шлях разам з Ёй", - адзначыў святар.
На завяршэння дня хлопцы і дзяўчаты маглі паслухаць выступ гурта "Пілігрымы" са Смаргоні. Музыкі сабралі пад вячэрнім даждлівым небам больш за 1000 маладых вернікаў, якія з запалам праслаўлялі Пана, не зважаючы на непагадзь.
Сёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі адбываюцца ў 26-ы раз і праходзяць пад дэвізам "Па прыкладу Марыі буду служыць Пану".
Ангеліна Марцішэўская