Skip to main content

Біскуп Станеўскі на распачацце Дыяцэзіяльных дзён моладзі: зрабіце Касцёл маладым

imsza stan 45У першы дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія распачаліся 6 мая пры парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, Эўхарыстыю ўзначалiў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, адказны ў епіскапаце Беларусі за пастырства моладзі.

Прысутныя сабраліся на літургіі ў святыні, якая не здолела змясціць усіх удзельнікаў сустрэчы. Падчас Імшы маліліся за моладзь усяго свету, а асабліва за моладзь нашай краіны.

imsza stan 49

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, якіх больш за 1000, біскуп Станеўскі падкрэсліў, што Езус – найлепшы ўзор маладосці. Таму, дадаў іерарх, вельмі важна ўглядацца ў маладога Езуса, якога паказвае Евангелле, бо ў Ім можна распазнаць шмат прыкмет, характэрных для маладых сэрцаў.

Старшыня Камісіі па справах моладзі пры ККББ адзначыў, што з Езусам кожны чалавек можа піць з праўдзівай крыніцы, якая падтрымлівае чалавечыя мары, планы, вялікія ідэалы і пасылае кожнага абвяшчаць жыццё, якім варта жыць.

“Зрабіце Касцёл маладым і навучыцеся слухаць”, – заклікаў з вялікай моцай біскуп прысутную моладзь, дадаючы, што Касцёл павінен быць маладым і для маладых.

Па словах іерарха, маладыя людзі могуць дапамагчы Касцёлу заставацца маладым, не псавацца, не замыкацца і быць здольным да сведчання.

На заканчэнне Імшы ўдзельнікі сустрэчы падарылі біскупу майку з лагатыпам сёлетніх Дзён моладзі.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Адамовіч