Раніца нядзелі – апошняга дня Дыяцэзіяльных дзён моладзі - была вельмі радаснай. У Воранава прыехаў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. У 8.30 у святыні распачалася Святая Імша, якую цэлебраваў кс. біскуп. Падчас казання Пастыр звярнуўся да вернікаў і асабліва да моладзі: “У сённяшнюю нядзелю мы дзякуем за дар новага бласлаўлёнага, вялікага папы Яна Паўла ІІ. Разам з групай вернікаў і святароў я меў магчымасць прыняць удзел у незабыўнай урачыстасці – беатыфікацыі Яна Паўла ІІ у Рыме, на плошчы св. Пятра. Я бачыў 1,5 млн вернікаў, якія прыбылі на гэтую ўрачыстасць”. Потым кс. біскуп заўважыў, што многія з гэтых людзей не бачылі бласлаўлёнага і не размаўлялі зім, не ведалі яго асабіста, але для кожнага з іх Ян Павел ІІ з’яўляецца маральным аўтарытэтам. Жыццё папы і сёння захапляе многіх людзей. Кожны бачыць у ім узор да пераняцця. Недарма бл. Ян Павел ІІ быў абраны галоўным патронам сёлетніх Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе. Ён стаў адным з патронаў і нашых Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Ян Павел ІІ яшчэ пры жыцці паказаў, што значыць быць святым.
Казанне ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча
{audio}mp3/kazanie-dni-mlodzierzy2011.mp3{/audio}
Моладзь актыўна ўдзельнічала ў св. Імшы праз спеў, чытанне Слова Божага, працэсію дароў і радасны настрой. Гэта была насамрэч натхнёная Богам Эўхарыстыя. Кс. біскупа Аляксандра прывіталі таксама мясцовыя ўлады, якія дапамагалі ў арганізацыі Дзён моладзі. Дарэчы, у гэты дзень воранаўскі пробашч ксёндз Андрэй Вітэк адзначаў 20 год святарскай паслугі. З гэтай гадавінай святара павіншаваў кс. біскуп Аляксандр, а таксама старшыня воранаўскага раённага выканаўчага камітэта.
Пасля св. Імшы на прыступках святыні адбыўся канцэрт лідскага гурта „Miłość”. Пасля моладзь раз’ехалася па сваіх парафіях.