Штогод, ужо на працягу многіх гадоў, выпускнікі 11 класаў сярэдніх школ г. Шчучына перад заканчэннем школы адпраўляюцца ў пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будслаў. Гэты год не стаў выключэннем.
За два дні, колькі працягвалася невялікае падарожжа, удзельнікі змаглі пабачыць мноства цікавых мясцін і святыняў.
У першы дзень выпускнікі наведалі мячэць у Іўі, пазнаёміліся з гісторыяй Гальшанскага і Крэўскага замкаў, пабачылі касцёл святых Пятра і Паўла ў Барунах, атрымалі асалоду ад прыроды на Нарачы, а таксама палюбаваліся прыгажосцю святыняў у Трабах, Гудагаі, Гервятах і Мядзелі.
На другі дзень, па дарозе дадому, моладзь спачатку накіравалася ў мемарыяльны комплекс “Хатынь” і лагер смерці часоў Вялікай Айчыннай вайны “Трасцянец”, а затым пабывала ў самым старым касцёле на тэрыторыі Беларусі – ва Уселюбе.
У санктуарыі ў Будславе – цэнтры пілігрымкі – удзельнікі мелі магчымасць звярнуцца да Маці Божай, а таксама атрымалі благаслаўленне на выбар далейшага жыццёвага шляху.
Дзякуючы пробашчу будслаўскага касцёла кс. Дзмітрыю Дубовіку і дыякану Мікалаю Гракаву маладыя пілігрымы маглі таксама ўбачыць адзін з нямногіх так званых Барысавых камянёў у Беларусі.
Было б непрыгожа з боку выпуснікоў не выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, каго яны сустрэлі на сваім шляху, за іх адкрытасць і дабрыню.
Без сумнення, у кожнага ўдзельніка гэтага невялікага падарожжа засталіся незабыўныя эмоцыі ад убачанага.
Вось такой цікавай і ўражваючай атрымалася ўжо восьмая пілігрымка моладзі шчучынскай парафіі ў Будслаў.
Анастасія Сяргей
Фота: Людміла Казлова