Skip to main content

У Гродне адбылася сустрэча навучэнцаў духоўных семінарый Беларусі

wds krasawik 1027-28 красавіка ў сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся навучэнцы і выхавацелі Пінскай семінарыі і I курса з Мінска на агульнабеларускай сустрэчы семінарыстаў.

Інтэграцыйная сустрэча распачалася супольнай малітвай і абедам, падчас якога рэктар Гродзенскай семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі прывітаў усіх гасцей і заахвоціў да плённага перажывання гэтага мерапрыемства. Пасля абеду семінарысты мелі крыху вольнага часу, а пасля ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў спартыўную залу, дзе адбыліся футбольныя матчы паміж семінарыстамі і выхавацелямі. Спартыўныя спаборніцтвы спрыялі будаванню добрых адносін і знаёмству.

wds krasawik 3

Ад фізічных практыкаванняў семінарысты перайшлі да духоўных. У гэты ж дзень у гродзенскай катэдры адбыўся канцэрт хору базэльскай катэдры, які ахвотна наведалі будучыя святары. Важным пунктам дня стала Эўхарыстычная адарацыя — асабістая сустрэча з Езусам Хрыстом, крыніцай усялякай моцы кожнага святара. Вечарам адбылася братэрская сустрэча ля вогнішча.

Другі дзень сустрэчы распачаўся ўрачыстай Ютранню ў семінарыйнай капліцы. У першай палове дня семінарысты мелі магчымасць пашпацыраваць па горадзе, а таксама даведацца шмат цікавых фактаў аб Гродне падчас экскурсіі. Галоўным пунктам сустрэчы стала святая Імша ў сярэдзіне дня, якую ўзначаліў рэктар Пінскай семінарыі кс. Андрэй Рылка.

Мерапрыемствы такога кшталту спрыяюць блізкаму знаёмству паміж семінарыстамі, а таксама прыносяць добрыя плёны ў будучым супрацоўніцтве святароў. Сустрэча, якая сабрала ўсіх навучэнцаў каталіцкіх духоўных семінарый Беларусі, у гісторыі ўжо не першая. Апошні раз такая падзея адбылася ў 2016 годзе. Тады гаспадаром сустрэчы была Пінская семінарыя.

Aндрэй Юхнік

Фота: Арцём Кірыянаў