Skip to main content

Велікодныя віншаванні дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага

pisankoАллелюя! Хрыстус уваскрос!

Браты і сёстры! Любая моладзь!

Дні Вялікага посту, якія папярэджваюць урачыстасць Уваскрасення Хрыста, асабліва пазначаны мукай і смерцю Езуса. Аднак, калі мы глыбінёй веры свайго сэрца зазірнём у гэтую таямніцу, заўважым штосьці мацнейшае, чым мука і смерць Хрыста, – гэта Любоў: бязмежная Любоў Хрыста да чалавека, якая складае жыццё на ахвяру дзеля збаўлення свету.

Дарагія! Любоў Хрыста бязмежная, Любоў міласэрная, яна не ведае межаў і не зважае на адрачэнне і здраду.

Пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю Любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: “Супакой вам”. Як жа прагне гэтага сучасны свет, гарантыі – супакою і згоды, разумення і прабачэння, бо ведаем мы, што нясе за сабой непакой і здрада.

Браты і сёстры, бацькі і выхаваўцы! Каталіцкі Касцёл у нашай краіне перажывае гэты год пад дэвізам “Сям’я – крыніца радасці і надзеі моладзі”. Таму просім вас і жадаем вам быць той крыніцай радасці, з якой нашыя нашчадкі зачэрпнуць дар духоўнага супакою і, нягледзячы на цяжкасці, з надзеяй будуць крочыць у дарослае жыццё. Просім вас, дакраніцеся да крыніцы – Уваскрослага Езуса, – каб дзяліцца радасцю новага жыцця.

Любая моладзь! Хрыстус жыве! Аб гэтай праўдзе разважае Папа Францішак у новай Апостальскай адгартацыі Christus vivit – гэта ліст Пантыфіка, скіраваны да вас, маладых.

Ці прачыталі вы яго, ці ведаеце, што Пантыфік вядзе з вамі дыялог веры па-сур’ёзнаму? Хрыстус жыве, Яго Уваскрасенне – гэта не толькі гістарычная звестка, але сённяшні дзень. Таму заклікаю вас, каб вы аб гэтым памяталі кожны новы дзень сваёй маладосці. Ён жывы і Ён сярод нас. Ён – наша надзея і найпрыгажэйшая маладосць гэтага свету. Яго зварот – “Супакой вам” – адрасаваны сёння да вас, і ён гучыць не літарай тэксту, а з вуснаў самога Хрыста, які далучаецца да вашай дарогі маладосці, як тады да вучняў па дарозе ў Эмаўс.

Жадаю вам, каб вы распазналі Уваскрослага на сваёй дарозе і падзяліліся гэтай праўдай з тымі, што мяркуюць і мараць яшчэ толькі па-зямному, па-свойму. Вы, маладыя – гэта “цяпер” Бога, таму не толькі будуйце планы на будучыню, але і зрабіце ўсё, каб вашае “цяпер” было дарогай Касцёла. Асноўная рэч, па словах Пантыфіка, якую неабходна распазнаць і адкрыць, – гэта тое, што ад кожнага маладога чалавека Езус жадае перадусім яго сяброўства. Таму дакраніся дарам супакою Хрыста да свайго сябра ці сяброўкі, каб гэты свет стаў больш Божым і больш чалавечым.

Хрыстус уваскрос. Сапраўды ўваскрос і жыве сярод нас.

Шчаслівых, поўных надзеі, радасці і здароўя святаў Уваскрасення Хрыста!