Skip to main content

Крыж усталявалі ў Ашмянах на мясцовай Галгоце

galgofa aszminay 29Пальмовая нядзеля, якая з’яўляецца нядзеляй Мукі Пана, у Ашмянах адзначаецца асаблівым і выключным чынам. Кожны раз у гэты дзень вернікі парафіяльнай супольнасці Св. Міхала Арханёла ідуць у Крыжовым шляху на мясцовую так званую Галготу. Гэта ўжо стала ў Ашмянах прыгожай традыцыяй.

Штогод падчас гэтага набажэнства парафіяне нясуць вялікі крыж, які на заканчэнне Крыжовага шляху ўстанаўліваюць. У гэтым годзе на ашмянскай Галгоце быў пастаўлены чарговы 24-ы крыж.

Крыж выразаюць напярэдадні, яго даўжыня складае не менш за 4 метры, а вага – не менш за 400 кілаграмаў. Мужчыны нясуць яго на плячах, ані разу не апускаючы на зямлю. Вернікі праходзяць прыкладна каля двух кіламетраў. З году ў год маршрут не змяняецца. Ад касцёла ён ідзе па Францішканскай вуліцы і заканчваецца на Святой Гары.

Святая, ці Францішканская, гара ў Ашмянах лічыцца адной з самых высокіх кропак у Беларусі. Ля яе падэшвы яшчэ захаваліся руіны касцёла св. Францішка, які быў пабудаваны, як прыблізна мяркуюць, паўтысячы гадоў таму, а на самой гары калісьці былі могілкі.

Перад набажэнствам у ашмянскай святыні прайшла тэатралізаваная пастаноўка, у якой былі паказаны пакуты Хрыста падчас Крыжовага шляху.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотa: www.osh.by