Сёлетняя Пальмовая нядзеля, якая прыпала на 14 красавіка, у парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне стала сапраўднай маніфестацыяй веры мясцовых католікаў.
На прыкасцёльным пляцы сабраліся сотні вернікаў, якія прыйшлі з пальмамі ў руках. Шчучынская святыня ў гэты дзень не можа змясціць усіх прысутных, таму літургія традыцыйна адбываецца звонку касцёла.
Благаслаўленне пальмаў здзейсніў а. Вітальд Пяцельчыц SP, пробашч парафіі. Затым адбылася святая Імша.
Пальмовай нядзеляй вернікі распачалі Вялікі тыдзень, мэта якога – падрыхтаваць іх да годнага перажывання святаў Уваскрасення Пана.
Кс. Юрый Марціновіч