У час Вялікага посту Езус прапануе для нашага разважання і засяроджання над сваім жыццём паслухаць прыпавесць пра міласэрнага айца і яго марнатраўнага сына.
Моладзь і дзеці з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) 7 красавіка прадставілі пантаміму “Міласэрны Айцец”, праз якую дапамаглі паразважаць, што ўсе людзі – дзеці Бога, i не толькі павінны прасіць Айца аб адпушчэнні грахоў, але адначасова прымаць на сябе абавязак прабачэння тым, хто вінаваты перад намі.
Гэта не што іншае, як абавязак любіць бліжніх, вучыцца быць такімі, якім ёсць наш нябесны Айцец, які прабачае грахі і слабасці, не трымаць крыўды і непрыязнасць. Бог заўсёды прагне міласэрнасці, а не асуджэння, бо Ён міласэрны і добра разумее нашыя слабасці, цяжкасці і грахі. Гэта мы часта робім міласэрнасць залежнай ад спаўнення ўмоваў, а не прымаем таго, што Бог з’яўляецца міласэрным і не можа быць іншым.
С. Дарота Белагрывая CSC