25 сакавіка ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні адбылася адпустовая ўрачыстасць. На малітве сабраліся шматлікія вернікі, a таксама госці.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі ён адзначыў, што “звеставанне было і з’яўляецца таямніцай ласкі Бога, які аб’яўляе сябе”, і адначасова “звеставанне – гэта толькі пачатак яшчэ большай таямніцы, якой з’яўляецца Галгота”.
Іерарх падкрэсліў, што звеставанне – падзея, якая перасягае чалавечыя маштабы, але шмат звеставанняў здзяйсняецца кожны дзень у нашым чалавечым жыцці. У кожнага з нас, па яго словах, сваё звеставанне, і “часам, можа, здалёк ад мітусні гэтага свету людзі, у прастаце веры Марыі, працягваюць паўтараць Богу: будзь воля твая, як у небе, так і на зямлі. Божа, няхай будзе так, як Ты хочаш”.
На заканчэнне біскуп адзначыў, што там, дзе ўсемагутнасць Бога сустракаецца з чалавечым “так”, заўсёды адбываюцца вялікія рэчы.
Урачыстасці скончыліся падзякамі, скіраванымі прадстаўнікамі парафіі біскупу, які ўзначаліў сёлетні адпуст. Вернікі абяцалі працягваць трываць з Хрыстовым Касцёлам і прыкладваць старанні, каб іх парафіяльны касцёл рабіўся ўсё больш прыгожым і ўтульным. Трэба адзначыць, што ў апошні час гістарычная святыня ў Перстуні атрымала быццам новае жыццё.
Дзякуючы старанням мясцовых парафіян пад кіраўніцтвам пробашча кс. Паўла Гедройця касцёл быў адноўлены звонку і ўнутры і сёння выглядае цудоўна. Парафіяне не страчваюць запалу, а працягваюць мець шмат планаў на будучыню, каб іх святыня і тэрыторыя вакол яе станавіліся яшчэ прыгажэйшымі. У бліжэйшы час яны займуцца таксама ўпарадкаваннем прыкасцёльнай тэрыторыі.
Няхай у гэтых добрых справах ім спадарожнічае дапамога Бога і чулая апека і клопат іх асаблівай Апякункі – Найсвяцейшай Панны Марыі, якая, як перакананы яны самі, заўсёды ім дапамагае і суправаджае!
Kс. Юрый Марціновіч