25 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць.
На Эўхарыстыі сабраліся святары з суседніх гродзенскіх парафій, сёстры законныя з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая шмат гадоў апякуецца святыняй, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і шматлікія жыхары горада.
Адпустовую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Гамілію прамовіў францішканін а. Антоні Пажэцкі, пробашч гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай. Манах моцна падкрэсліў, што кожны з нас у сваім жыцці перажывае сваё звеставанне і важна між усёй мітусні пачуць заклік Бога і адказаць Яму “так”, як адказала Марыя.
Пасля Эўхарыстыі адбылася кароткая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі ўрачыстасці памаліліся Ларэтанскай літаніяй. Таксама ўсе жадаючыя склалі абяцанні духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці.
Біскуп Юзаф Станеўскі пасля цэлебрацыі звярнуўся да вернікаў з заахвочваннем да духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей і ўзгадаў пра важнасць абароны жыцця.
“Прыклад маці, якая трымае сваё дзіця на каленях, не заменіць ні адна школа, ні адзін універсітэт”, – заключыў іерарх.
Рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза падзякаваў усім за прыбыццё на ўрачыстасць і за супольную малітву.
Aндрэй Юхнік, семінарыст