13 сакавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах адбылося пахаванне Гендрыга Яшэўскага, бацькі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.
Пахавальную Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. У ёй прынялі ўдзел іерархі нашай дыяцэзіі – біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Шматлікія святары і кансэкраваныя асобы з Гродзенскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе служыць біскуп Аляксандр Яшэўскі, і іншых месцаў прыбылі, каб падтрымаць сваімі малітвамі сям’ю ў жалобе.
З дома праводзіў памерлага біскуп Юзаф Станеўскі, a абрады пахавання ў касцёле і на могілках правёў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў ад імя сваёй маці, сястры і бабулі словы ўдзячнасці ўсім, хто прыбыў на пахаванне, а таксама тым, хто з’яднаўся з іх сям’ёй у малітве. Іерарх адзначыў, што клопат пра сям’ю ў жыцці яго спачылага бацькі быў заўсёды на першым месцы, a яго галоўнай рысай была надзвычайная цярплівасць.
Памерлы 11 сакавіка ва ўзросце 65 гадоў пасля працяглай хваробы бацька біскупа быў пахаваны на роднай зямлі – на могілках у вёсцы Войневічы, якая знаходзіцца недалёка ад Ашмян.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Палінеўскі