Узяўшы крыж разам з сябрамі, бацькамі, мужам, жонкай, дзецьмі, разам з Табой - Езу, мы спрабавалі прайсці Крыжовы шлях у нашым штодзённым жыцці.
Мы стараліся ўбачыць, як выносім прысуд, вызначаем кару, робім цярновы вянец. Як уцякаем ад цярпення, цяжкасцяў. Як баімся прызнаваць памылкі і лічым сябе дасканалымі. Як пагарджаем блізкімі, Табой... Як белай хустай, нібы Вераніка, закрываем свае раны, страхі, крыўды... І зноў жа баімся падаць, бо потым доўга і цяжка ўставаць...
Мы забываемся пра іншых. Мы распранаемся, але без сораму, мы падлічваем цвікі... А потым Ты, Езу, паміраеш за меня і пакідаеш надзею на ўваскрасенне... Ці застануся я там, пад крыжам, з надзеяй? Ці ўцяку, шукаючы ўпэўненасці ў будучуні і буду спадзявацца на сябе? Ці хопіць мне адвагі, каб азірнуцца назад і зноў жа прыйсці пад крыж?
Падчас Крыжовага шляху асабліва захапляла прыгажосць і прастата сумеснага нясення крыжа.
“Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана”. Над гэтымі словамі з псальма біскуп Алег Буткевіч заклікаў паразважаць у другі дзень рэкалекцый. "Трэба спадзявацца не на сябе, не на каго-небудзь, будзь то найлепшы сябра ці выбітны лекар, але на Пана! Бо Ён сапраўды нас любіць. Ён дабравольна ўзяў крыж чалавечага граху і памёр на ім дзеля нас, каб мы маглі жыць вечна. Вось як бязмерна Ён палюбіў нас", - адзначыў іерарх.
Біскуп узгадаў словы св. Аўгустына: “Любі і рабі, што хочаш”. Сучасны свет крычыць: "Гэта тваё жыццё, твая гульня і твае правілы". Колькі ўсяго нам прапаноўваецца для нібыта шчасця. Я думаю, што Бог хоча, каб мы ўдасканальваліся, рызыкавалі, пазнавалі гэты свет, шукалі справядлівасці, імкнуліся да лепшага, але разам з Ім.
Завяршэннем дня стала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Як глыток вады, калі прагнеш, як супакой, калі навокал бура, як астатняя надзея... Ты толькі выплыві на глыбіню, толькі дакраніся да Яго вопраткі і вер.
Вераніка Матусевіч