2 сакавікa група вернікаў колькасцю 50 чалавек з розных парафій Віленшчыны ў Літве прыбыла з турыстычнай мэтай у Гродна. Прабыванне ў горадзе над Нёманам яны пачалі з сустрэчы са сваім земляком – біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Прымаючы гасцей, іерарх адзначыў, што яны прыбылі ў Гродна напярэдадні літургічнага ўспаміну св. каралевіча Казіміра, культ якога асабліва жывы на Віленшчыне і які з’яўляецца апекуном таксама Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп падкрэсліў, што святы каралевіч, які памёр у Гродне 4 сакавіка 1484 г. ва ўзросце няпоўных 26 гадоў і пахаваны ў катэдральным касцёле ў Вільні, яднае нашы народы.
Іерарх пазнаёміў пілігрымаў з багатай гісторыяй горада і са спецыфікай Касцёла на Гродзеншчыне, a таксама Касцёла ў Беларусі.
Пасля ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі пілігрымаў з Літвы, атачаючы малітвай іх сем’і і парафіяльныя супольнасці. Ён падзякаваў за вялікую зацікаўленасць гісторыяй горада Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі, што стала магчымым дзякуючы бязвізаваму рэжыму.
Затым літоўцы адправіліся знаёміцца з каралеўскім горадам Гродна, наведваючы святыні і іншыя гістарычныя аб’екты.
Kс. Юрый Марціновіч