Канферэнцыя “Устанем у праломе!” і малітва супраць антысемітызму і нацызму прайшла 2 сакавіка ў царкве Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў “Надзея” ў Гродне.
Яна аб’яднала вернікаў розных канфесій: баптыстаў, пяцідзясятнікаў, католікаў і грэка-каталікоў, праваслаўных і месіянскіх яўрэяў. Kаталіцкі Касцёл на сустрэчы прадставіў кс. канонік Антоні Грэмза, віцэ-канцлер гродзенскай курыі; Грэка-Каталіцкую Царкву - а. Андрэй Крот, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.
Такое рэлігійнае мерапрыемства прайшло ў Гродне другі год запар i сабрала прадстаўнікоў 14 розных канфесій і абшчын горада, a таксама 7 прыезджых. Гэтая ініцыятыва мае міжнародны характар – яна была заснавана ў Кіеве. Яе мэта – малітва супраць антысемітызму і нацызму. Яе ўдзельнікі выступаюц за мір і за тое, каб наш рэгіён заставаўся такім шматкультурным і шматнацыянальным.
У свеце ў міжнароднай малітве супраць антысемітызму і нацызму прыняло ўдзел каля 50 краін.
Святы Айцец Францішак шматразова нагадваў, што хрысціянін не можа быць антысемітам. “Нашы карані супольныя. Таму гэта было б супярэчнасцю паміж верай і жыццём. Наадварот, мы запрошаны да супольнай працы над тым, каб выгнаць антысемітызм з чалавечага грамадства”, – падкрэсліваў Папа.
Па яго словах, сяброўства паміж юдэямі і католікамі, заснаванае на братэрстве, якое паходзіць з гісторыі збаўлення, ажыццяўляецца ва ўзаемнай павазе. Гэтае сяброўства – імпульс дыялогу, які ў сённяшнія часы павінен мець міжрэлігійны характар, для дабра чалавецтва.
Пантыфік перакананы, што міжрэлігійная гармонія пачынаецца з добрых асабістых адносін паміж рэлігійнымі кіраўнікамі. Правядзенне дыялогу з іншымі і малітва за іх з’яўляюцца спосабамі для таго, каб “перамяніць дзіды на сярпы” (пар. Iс 2, 4), абудзіць любоў там, дзе пануе нянавісць, і прабачэнне там, дзе існуе віна, каб нястомна заклікаць да міру і ісці яго шляхамі”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фотa: Міраслаў Шут