11 лютага ў капліцы Маці Божай з Люрда Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі пацыентаў бальніцы i горада Ліда.
Малітоўная сустрэча была прымеркавана да Сусветнага дня хворых, які ў гэты дзень адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле.
Імшу ўзначаліў душпастыр Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы кс. Юрый Бяганскі. У гаміліі святар адзначыў, што “кожная хвароба – узняцце на сябе крыжа Езуса Хрыста”. Ксёндз Бяганскі заклікаў тых, хто закрануты хваробай і цярпеннем, не адыходзіць ад малітвы, быць адкрытымі на патрэбны іншых, а таксама захоўваць пост.
Душпастыр бальніцы заахвоціў дзейсна змагацца з хваробай і не апускаць рук. “Вы не адны ў сваім цярпенні. Мы хочам вам спадарожнічаць у нясенні крыжа хваробы і падтрымліваць сваёй малітвай, прысутнасцю і добрым словам”, – сказаў ён.
Святар дадаў, што многія святыя навярнуліся менавіта дзякуючы цярпенню. “Бо хвароба можа стаць прыладай духоўнага адраджэння для хворых”, – патлумачыў ён.
Падчас літургіі вернікам быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых. Праз яго прыняцце яны адкрываюцца на Божую ласку, каб у сваім цярпенні не ўпасці духам і не губляць веру, а атрымаць ад Хрыста вялікую моц і абарону.
На заканчэнне душпастыр бальніцы заахвоціў усіх прысутных не стамляцца ў малітве за медперсанал, усіх урачоў і валанцёраў, а таксама памятаць, што “нашы рукі заўсёды павінны несці апеку хвораму, а нашы словы – суцяшэнне”.
Урачыстая Імша ў бальніцы з нагоды Сусветнага дня хворых, які быў устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ у 1992 г., ужо стала традыцыяй і цэлебруецца кожны год.
Kс. Юрый Марціновіч