Дабрачынная арганізацыя “Карытас” хоча адкрыць пансіянат для састарэлых на вуліцы Васілька – у пустым доме Варашыльскіх. Яшчэ ў 2018 годзе арганізацыя пачала перамовы з адміністрацыяй горада і інвестарамі.
Праект “Карытаса” накіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльных паслуг у Гродзенскім рэгіёне. Падобных рэалізаваных ініцыятыў у Беларусі яшчэ не было.
“Пакуль у нас ёсць ідэя і гарадскія ўлады нас у гэтым вельмі падтрымліваюць, – расказвае намеснік дырэктара “Карытас” Алена Міхайлік. – Зараз вядуцца перамовы з інвестарамі з Германіі і Аўстрыі. Наша задумка – стварыць у Гродне праект з падвышаным узроўнем камфорту для людзей у патрэбе. Гэта будзе пансіянат для пажылых людзей – дом састарэлых. Сёння ён вельмі патрэбны”.
Сацыяльны цэнтр з аддзяленнем хоспіса будзе аказваць розную дапамогу пажылым гродзенцам. У “Карытас” ужо ёсць вялікі вопыт у гэтай сферы на тэрыторыі Гродзеншчыны. Гарадскія ўлады падтрымліваюць ідэю дабрачыннай арганізацыі і гатовыя дапамагаць у рэалізацыі.
“Ініцыятывы такіх арганізацый павінны падтрымлівацца на мясцовым узроўні. Мы ўсё за бюджэтныя грошы зрабіць не зможам, трэба шукаць інвестараў, ініцыятараў, людзей неабыякавых”, – пра гэта распавёў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі “Карытас”.
Пасля таго, як з вуліцы Васілька з’ехаў скурвендыспарнсер, у гарадскіх уладаў былі планы выставіць будынак на аўкцыён. “Карытас” просіць перадаць будынак бясплатна. Апошняе слова застаецца за прэзідэнтам.
Даведка:
Домам №10 па вуліцы Васілька валодаў гродзенскі доктар Рыгор Варашыльскі. Вядомы калекцыянер паштовак і фатаграфій з відамі Гродна Фелікс Варашыльскі – яго ўнук. Дом №8 сёння аб’яднаны ў адзін будынак з домам №10. У розны час тут знаходзіўся радзільны дом, дзіцячая бальніца, розныя аддзяленні абласной бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер. У студзені 2018 года дыспансер пераехаў у будынак былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. Будынак на Васілька застаўся пуставаць.
Паводле hrodna.life