З 22 па 29 студзеня ў навагрудскай каталіцкай супольнасці адбылася адметная падзея – перэгрынацыя дакладнай копіі фігуры св. Міхала Арханёла з Гарганскіх гор, што ў Італіі, з найстарэйшага санктуарыя, прысвечанага гэтаму святому.
22 студзеня вечарам на гарадской плошчы адбылася ўрачыстая сустрэча фігуры, якую прывёз кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі ў Стоўбцах, адказны за арганізацыю перэгрынацыі. Падчас сустрэчы вернікі яшчэ раз аддалі ў малітве Навагрудак заступніцтву св. Міхала ад ворага ўсяго чалавецтва. Пасля фігура працэсійна была ўнесена ў парафіяльны касцёл, дзе вернікі памаліліся Літаніяй да Міхала Арханёла.
У гаміліі на святой Імшы кс. Ігар Лашук заахвоціў часцей маліцца праз заступніцтва “Князя войскаў нябесных”, раскрыў сутнасць і сэнс наведвання фігуры, а таксама распавёў пра асобу заступніка горада Навагрудка.
Падчас кожнага дня перэгрынацыі, якая трывала 7 дзён, былі малітвы праз заступніцтва св. Міхала ў паасобных інтэнцыях: аб здароўі душы і цела; за паўсюдны Касцёл і аб святарскіх пакліканнях; за сем’і і моладзь; за паміраючых і душы ў чыстцы; за супакой у свеце і за кіраўнікоў дзяржаў; за Касцёл у Беларусі і за ахвярадаўцаў; аб абароне ад злога духа.
Кожную Імшу папярэджвала ружанцовая малітва, а пасля Эўхарыстыі былі просьбы і малітвы перад цудатворнай фігурай і выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Вялікая колькасць людзей на працягу сямі дзён навадвала святыню, каб праз бачны сімвал прысутнасці, якой з’яўляецца фігура, ушанаваць нябеснага абаронцу. Многія дзякуючы гэтай нагодзе прыступілі да сакрамэнту пакаяння і св. Камуніі. Праз гэтую падзею можна было адчуць, што св. Міхал Арханёл абвяшчаў сваёй асобай прысутнасцьЕзуса, дзякуючы чаму, без сумненняў, вера людзей стала мацнейшай.
Станіслаў Навагран
Фота: Анастасія Пятрова