27 студзеня ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адбыўся прагляд калядак і пастаралак. Гэтае свята прайшло ўжо ў 18-ы раз і сабрала шматлікіх вернікаў з Сапоцкінскага дэканата, гасцей з Гродна і ваколіц.
У свяце ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў асобе Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслава Ксенжыка, старшыня Аддзела культуры Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Рамановіч і старшыня Сапоцкінскага сельскага выканаўчага камітэта Лілія Шаматовіч.
Культурна-рэлігійная сустрэча адбылася пад дэвізам: “О, Любоў неспасціжная, якой жа вялікай ты была, што сюды з нябеснага трона зышла...”
Святочны канцэрт па традыцыі быў арганізаваны сапоцкінскай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтрам.
Еднасць пакаленняў
На сцэне выступілі ў гэты дзень усе пакаленні вернікаў. Спявалі дзеці і моладзь; выходзілі на сцэну цэлыя сем’і, а таксама старэйшае пакаленне, часта дрыжачым голасам. Усе жадалі данесці да шматлікіх слухачоў праўду пра Бога, які прыйшоў у свет ва ўбогай стаенцы, каб стаць адным з нас і прынесці свету і людзям збаўленне.
Для многіх удзельнікаў прагляду ўжо стала традыцыяй кожны год рыхтаваць новую калядку і выконваць яе на сцэне. Шмат людзей у дзяцінстве мелі свой першы дэбют. Некаторыя раслі разам з гэтым фестывалем, які сёлета дасягнуў “паўналецця”.
“Я з ранніх гадоў удзельнічала ў праглядзе калядак, так бы мовіць, расла разам з ім. Мала хто акцэнтаваў увагу, што па нашых мерках прагляд стаў ужо паўналетнім, бо ён праходзіў ужо ў 18-ы раз”, – кажа Людміла Кавальчук.
Людміле асаблівую радасць у гэтым годзе прынесла тое, што шэрагі хору “Laudate Dominun Junior” папоўніла яе 5-гадовая сястрычка. “Спадзяюся, што дзякуючы гэтай традыцыі яна яшчэ больш будзе ўсхваляць Бога, але ўжо і праз песні”, – дадае дзяўчына.
Рэната Станкевіч удзельнічае ў праглядзе калядак з трох гадоў і выступае разам са сваімі бацькам, маці і дзвюма сёстрамі. Яна адзначае, што, нягледзячы на ўсё, кожны раз адчувае хваляванне перад выхадам на сцэну, але, бачачы цудоўны настрой у вачах столькіх людзей і іх вялікую прыхільнасць, становіцца спакойнай.
“Мне вельмі падабаецца спяваць з маёй сям’ёй і сябрамі. Сёння так хутка праходзіў час супольнага калядавання, што мне нават не хацелася вяртацца дадому”, – кажа дзяўчына.
Рэната дадае, што гэты супольны спеў калядак яднае людзей, тады можна сапраўды адчуць вялікую сілу і моц усіх пакаленняў. Па словах дзяўчыны, ужо сёння яна пачынае задумвацца над тым, чым здзівіць гасцей у наступным годзе.
Захаванне традыцый
Mаладыя людзі кажуць з вялікім гонарам, што такія мерапрыемствы адбываюцца кожны год у іх парафіі. І, нягледзячы на розныя абавязкі ці вучобу ў іншых гарадах або нават за мяжой, многія з іх вяртаюцца ў роднае гняздо, бо не ўяўляюць, каб магчыма было не прыняць удзелу ў гэтай імпрэзе.
“Кожны год мы – і школьнікі, і студэнты, і нават тыя, хто ўжо працуе, – збіраемся, каб быць разам і ствараць сапраўдную супольнасць”, – кажа Ян Астроўскі.
Хлопец адзначае, што дзякуючы такім сустрэчам маладыя пакаленні ўключаюцца ў захаванне традыцый і прыгожых звычаяў, якія клапатліва захоўваюцца на сапоцкінскай зямлі, іх малой радзіме.
Гэтае свята ўжо даўно выйшла за межы Сапоцкінскага дэканата. На сцэне спяваюць вернікі не толькі з гэтага дэканата, але і з іншых месцаў і нават з-за мяжы. Кожны год прыбываюць новыя гурты, новыя асобы, і кожны ўносіць штосьці арыгінальнае, а таксама спрыяе таму, каб радаснае “Gloria” з большай моцай разыходзілася ўсё далей.
Для Віялеты Гедо ўдзел у праглядзе калядак стаў традыцыяй і цудоўнай магчымасцю дзялення радасцю ад нараджэння Сына Божага і нагадваннем сабе той праўды, што Бог любіць кожнага чалавека.
Дзяўчына адзначае, што прыемна бачыць новыя твары і новых выканаўцаў супольнага калядавання, якія часта пераадольваюць доўгую дарогу, каб далучыцца да астатніх. “Спадзяюся, што такая добрая традыцыя захаваецца надоўга ў нашай парафіі і будзе перададзена наступным пакаленням”, – кажа яна.
Адчуванне атмасферы
Удзельнікі фестывалю не хавалі сваёй радасці. Яны доўга чакалі гэтага выключнага вечару, каб сустрэцца, быццам дакрануцца адзін да аднаго і адчуць тую незвычайную атмасферу, якая тут пануе.
Для Дыяны Гедо прыгожыя мелодыі фестывалю надоўга застануцца ў памяці. “Я шчаслівая, што ўдзельнічала ў гэтым праглядзе калядак! Усе песні былі прыгожа выкананы. Кожны ўдзельнік зрабіў гэта па-свойму і па меры сваіх магчымасцяў”, – дадае яна.
У гэты дзень ніхто нікога не ацэньваў, бо гаворка не ішла аб тым, каб вылучыць пераможцаў і найлепшых выканаўцаў – усе былі роўныя. “Мы спявалі ад чыстага сэрца і гэтым хвалілі Бога!” – прызнаецца Эвеліна Валюсь. Па яе словах, “вочы гледачоў гарэлі пазітывам і была прыемная аддача эмоцый”.
Удзельнікі гэтага свята вельмі ўдзячныя арганізатарам, якія прыкладаюць шмат старанняў, каб яно праходзіла штогод на ўсё больш высокім узроўні. У першую чаргу яны дзякуюць пробашчу кс. Антонію Абухоўскаму і сёстрам законным за час, які тыя прысвячаюць дзецям і моладзі.
“Я ўдзячны ўсім арганізатарам, што яны дазволілі ўкласці маленькую кропельку ў правядзенне гэтага свята. У чарговы раз мне было дадзена выступіць у ролі вядучага”, – кажа Яўген Крыштаповіч.
Дзеці і моладзь удзячныя таксама дырэкцыі Сапоцкінскага культурна-гістарычнага цэнтра i яго загадчыку Ганне Галубцовай, а таксама ўсім, хто далучыўся да супольнага калядавання падчас незабыўнага, дружнага, вясёлага і сапраўды сямейнага вечару каляднай песні.
Успамін пра Панаму
У гэтым годзе прагляд калядак завяршыўся крыху інакш, чым звычайна. Дзеці і моладзь сапоцкінскай парафіі на заканчэнне выканалі гімн 34-х Сусветных дзён моладзі ў Панаме. Такім чынам яны захацелі духоўна з’яднацца са Святым Айцом Францішкам і моладдзю з усяго свету падчас завяршэння форуму ў Панаме.
На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за гэтую прыгожую справу, якая з’яўляецца таксама абвяшчэннем жывога Евангелля. Іерарх выказаў падзяку арганізатарам: дэкану Сапоцкінскага дэканату кс. Антонію Абухоўскаму, супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (сёстры серафіткі), а таксама кіраўніцтву цэнтра.
Ён выказаў надзею, што з гэтага фестывалю народзіцца шмат дабра ў сэрцах людзей, якое будзе бачным у штодзённым жыцці і ўчынках.
Кс. Юрый Марціновіч