Спектакль-містэрыю пад назвай “Святло прыйшло ў свет” паказалі маладыя артысты з Тэатра імя св. Яна Паўла ІІ, які дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
На прадстаўленні сабраліся парафіяне і жыхары горада, якія прыйшлі, каб яшчэ раз перажыць тую вялікую радасць, якая сыходзіць з Бэтлеема да ўсяго грамадства і заахвочвае адкрыцца на дар Божай любові.
Падчас прадстаўлення акцёры паказалі этапы прыйсця ў свет Божага Сына, якога спачатку прыняла пад сваё сэрца Найсвяцейшая Панна Марыя, каб потым Ён памёр за людзей, вызваліў іх ад грахоў і каб на зямлю свяціла Божае святло.
Каміла Габрукевіч, якая ўдзельнічала ў спектаклі, адзначае, што кожнае прадстаўленне ўнікальнае і не паўторыцца ніколі.
“Кожны раз перажываеш усё па-новаму, унутры цябе неапісальны спектр пачуццяў. Новыя ролі, новыя пачуцці, новая задача… Трэба данесці да людзей увесь сэнс гэтай гісторыі”, – кажа дзяўчына.
Каміла, якая ўжо не ўпершыню на сцэне і выконвала розныя ролі – ад анёлка да д’ябла, – падчас рэпетыцый стала больш разумець, што кожная роля вельмі важная і складаная.
“Але, канешне, у кожным нашым прадстаўленні галоўную ролю граем не мы, а наш любімы Бог, які жыве і дапамагае кожнаму з нас!” – дадае яна.
Гэтае ж прадстаўленне можна будзе ўбачыць яшчэ раз 2 лютага ў тэатральнай зале пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, пачатак у 18.00.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Дзмітрый і Галіна Валюшка