18 студзеня былі падведзены вынікі каляднай дабрачыннай акцыі "Кошык дабрыні", арганізаванай парафіяй Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку разам з парафіянамі і гандлёвымі аб’ектамі горада і раёна.
Старт каляднай дабрачыннай акцыі “Кошык дабрыні” быў дадзены 6 снежня мінулага года на Навагрудчыне. Aкцыя была скіравана на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў.
Як сказаў пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла, кс. Юрый Жэгарын, упершыню падобная акцыя была праведзена ў мінулым годзе парафіяй Св. Казіміра ў аграгарадку Уселюб. У гэтым годзе было прынята рашэнне правесці мерапрыемства больш маштабна, каб дапамогу атрымалі больш сем’яў. Мэта акцыі заключалася не толькі ў дапамозе патрабуючым, але перш за ўсё ў прадастаўленні для навагрудчан напярэдадні святаў яшчэ адной магчымасці зрабіць добры ўчынак.
На працягу месяца жадаючыя набывалі ў крамах розныя тавары (крупы, муку, алей, кансервы, пячэнне, канцылярскія тавары і іншыя) і пакідалі іх у спецыяльнай карзіне. Арганізатары акцыі не чакалі, што “Кошыкі дабрыні” будуць напаўняцца настолькі хутка. У выніку было сабрана каля 600 кілаграмаў прадуктаў. Арганізацыйны камітэт на чале з кс. Юрыем удзячны ўсім жыхарам горада і раёна, католікам, праваслаўным і прадстаўнікам іншых канфесій і рэлігій, хто не застаўся ў баку ад гэтай добрай справы.
Асноўная частка дапамогі, больш за 50 пакетаў, была ўручана 18 студзеня пры садзейнічанні сацыяльных педагогаў школ г. Навагрудка, якія, ведаючы матэрыяльную сітуацыю, вызначылі найбольш патрабуючыя сем’і незалежна ад рэлігійна-канфесійнай прыналежнасці. Некалькімі днямі раней парафія прыняла ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” і таксама аказала дапамогу тым, каму яна была насамрэч неабходная. Наступную частку сем’яў парафія плануе наведаць па месцы жыхарства.
Анастасія Пятрова
Фота: Яўген Макар