20 студзеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр у межах XVI фестывалю калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”, які праходзіў у гарадскім доме культуры ў Іўі, наведаў парафію Свв. апосталаў Пятра і Паўла, дзе цэлебраваў святую Імшу.
Падчас Імшы іерарх маліўся ў інтэнцыі ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю, а таксама ўсіх яго ахвярадаўцаў.
“Наша зямля мае здольных маладых людзей”
На пачатку літургіі са словам прывітання ў адрас нунцыя звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што прысутнасць прадстаўніка Апостальскай Сталіцы на гэтай урачыстасці з’яўляецца асабліва каштоўным знакам, “бо мы адчуваем духоўную блізкасць Святога Айца Францішка, які так моцна любіць дзяцей і моладзь, так шмат увагі і пастырскага клопату прысвячае іх фармацыі”.
“Сёння, калі Эксцэленцыя наведвае чарговы горад нашай Гродзенскай дыяцэзіі, хочам Вам паказаць, што іўеўская зямля, наша зямля, мае сапраўды здольных маладых людзей, якія хочуць праз спеў калядных песень славіць Бога, Даўцу ўсялякага дабра”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
На літургіі сабраліся дзеці і моладзь з усіх парафій Іўеўскага дэканату, якія прымалі ўдзел у сёлетнім фестывалі. У гэтым годзе ўдзельнікаў было больш за 300. Разам з імі маліліся вернікі Іўя.
“Сэрца Бога любіць свята”
Нунцый у гаміліі разважаў над Божым словам на гэты дзень і адзначыў, што ў Евангеллі пра вяселле ў Кане Галілейскай можна заўважыць чатыры важныя думкі.
Па-першае, урывак паказвае Езуса, які ўдзельнічае ў свяце. Па-другое, распавядае пра першы цуд, здзейснены Ім. Па-трэцяе, змяшчае апошнія занатаваныя ў Евангеллі словы Марыі. І, нарэшце, распавядае пра самы “бескарысны” цуд з усіх здзейсненых Езусам.
Іерарх прапанаваў спыніцца на кожным з гэтых аспектаў.
“Сэрца Бога любіць свята. Не п’янкі, не разгул, не распусту, не праз край – усё, што часам, на жаль, праходзіць праз свята… Не! Богу падабаюцца людзі спакойныя, з чыстым сэрцам, якія разам смяюцца, танчаць, весяляцца ў гармоніі і міры. Наш Бог ёсць Бог радасці, таму што Яго сэрца перапаўняе любоў, а плод любові – гэта заўсёды сапраўдная радасць”, – адзначыў Апостальскі Нунцый.
“Богу падабаецца песціць нас”
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што апошнія словы, якія прамовіла Марыя і якія занатавалі на старонках Евангелля – гэта шэсць слоў, якія з’яўляюцца “спадчынай і Яе запаветам для нас, у якім пэўным чынам знаходзіцца адказ на ўсе нашыя пытанні”.
Прадстаўнік Папы адзначыў, што першы цуд Езус Хрыстус учыніў перад вачыма сваіх вучняў і слуг у Кане, перамяніўшы ў адно імгненне ваду ў віно, каб паказаць сваю здольнасць кантраляваць усё стварэнне і магчымасць кардынальна змяніць сутнасць быцця.
“З іншага боку, здзяйсненне цуду, які можа здацца непатрэбным, бескарысным, адкрывае пэўную рысу любові, якою нас любіць Бог. Ён не задавольваецца толькі тым, каб проста даць нам неабходнае, тое, што патрэбнае для выжывання. Яму падабаецца песціць нас, даваць нашмат больш, падараваць нам прыгажосць, радасць, задавальненне”, – сказаў арцыбіскуп.
Па словах іерарха, Настаўнік з Назарэта захацеў распачаць сваю місію цудам, які дазволіў святу быць даўжэйшым, які прынёс радасць і весялосць і выклікаў усмешкі на тварах.
“Давайце старацца, каб нашы вочы і сэрцы былі адкрытыя, каб атрымаць асалоду ад усёй прыгажосць, якую Пан стварае вакол нас. Давайце дзякаваць Яму за маленькія штодзённыя цуды, якія робяць наша жыццё такім багатым”, – заклікаў іерарх усіх прысутных у святыні.
“Вучыць шанаваць традыцыю"
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў нястомнаму арганізатару фестывалю кс. Яну Гавецкаму, пробашчу парафіі ў Іўі, які прыкладае шэраг намаганняў, каб гэты фестываль кожны год быў на высокім узроўні.
Іерарх падзякаваў за вялікі ўклад у фармацыю нашай будучыні, якой з’яўляюцца дзеці і моладзь. “Менавіта дзякуючы такім мерапрыемствам яны вучацца шанаваць традыцыю і будаваць культуру, а таксама будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях”, – дадаў ён.
Фестываль калядных і пастаральных песень стаў у Іўі ўжо традыцыяй. Ён арганізуецца кожны год мясцовай парафіяй на чале з пробашчам і ў супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі