Skip to main content

Выстава “Кракаўскія калядныя батлейкі” адкрылася ў Гродне

krakau batlejki 2817 студзеня ў Авальнай зале Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”. На выставе прадстаўлена 15 батлеек.

Выстава падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне і Польскім інстытутам у Мінску.

На ўрачыстым адкрыцці, якое здзейсніў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне, прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, дыпламатычнага корпусу і шматлікія жыхары Гродна.

krakau batlejki 21

Традыцыя стварэння батлеек у Кракаве бесперапынна працягваецца з ХІХ ст. Першапачаткова іх выкананнем займаліся рамеснікі з прадмесцяў Кракава. Меншыя батлейкі ахвотна набывалі гараджане, аздабляючы імі свае дамы і дорачы блізкім. Большыя – з прыгожымі лялькамі і асветленыя знутры свечкамі – выконвалі функцыю пераноснага тэатра, які ў святочны перыяд пад жывую музыку размяшчаўся ў дамах заможных кракаўскіх сем’яў.

Найстарэйшая захаваная кракаўская батлейка знаходзіцца ў архівах Этнаграфічнага музея імя Севярына Удзелі ў Кракаве. Яе стварыў Міхал Эзэнекер у другой палове ХІХ ст.

У ХХ ст. абрадавыя функцыі батлейкі пачалі прыходзіць у заняпад. Аднак само іх стварэнне захавалася. Яго ўмацаванню і пад’ёму на найвышэйшы мастацкі ўзровень паспрыяў др. Ежы Дабжыцкі, кіраўнік Бюро гарадской прапаганды, а пасля ІІ Сусветнай вайны – шматгадовы дырэктар Гістарычнага музея Кракава.

У 1937 г. Дабжыцкі арганізаваў Конкурс кракаўскіх батлеек, які адбываецца па сённяшні дзень штогод пад апекай Гістарычнага музея Кракава. Штогод у першы чацвер снежня аўтары батлеек прыносяць свае працы на Галоўны рынак і выстаўляюць іх на прыступках помніка Адаму Міцкевічу. Батлейкі ацэньвае журы, якое складаецца з гісторыкаў, этнографаў, гісторыкаў мастацтва, архітэктараў, скульптараў. Кожны год у конкурсе прымае ўдзел каля 50 аўтараў з катэгорыі старэйшых і некалькі соцень з катэгорый дзяцей і моладзі.

krakau batlejki 32

Час, патрэбны для выканання батлейкі, залежыць ад яе фармату – мініяцюрныя батлейкі патрабуюць некалькіх месяцаў, вялікія могуць заняць цэлы год.

На апошняй сесіі ЮНЕСКА (29 лістапада 2018 г.) Кракаўскія батлейкі былі ўнесены ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Выстава ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі (Новы замак, вул. Замкавая, 20) будзе працаваць да 17 лютага.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Кінга Красіцкая