5 студзеня пры парафіі Найясвцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася аплаткавая сустрэча шанавальнікаў Маці Божай з гары Кармэль і тых, хто носіць святы шкаплер.
Малітоўная група паўстала год таму па ініцыятыве айцоў кармэлітаў, якія раз у месяц арганізуюць фармацыйныя сустрэчы яе членаў.
Першая ў новым годзе сустрэча пачалася традыцыйна святой Імшой, якую ўзначаліў апякун шкаплернага брацтва а. Аляксандр Стока OCD. Потым вернікі трывалі на адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
У гэты дзень чатыры чалавекі прынялі святы шкаплер і абавязаліся наследаваць Марыю, пастаянна насіць Яе знак, клапаціцца пра дабро ўсіх людзей і прамаўляць прызначаную малітву.
Падчас аплаткавай сустрэчы а. Аляксандр Стока падзякаваў усім шанавальнікам Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль за іх штодзённае сведчанне веры, якое яны нясуць свету і свайму асяроддзю. Святар пажадаў, каб новы 2019 год быў багатым на Божае благаслаўленне, а апека Марыі заўсёды спадарожнічала ўсім.
Kс. Юрый Марціновіч