16 снежня ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбылася вечарына, прысвечаная 220-ай гадавіне з дня нараджэння Адама Міцкевіча. У рамках святочнага мерапрыемства вернікі з парафіі св. Міхала Арханёла з Навагрудка - радзімы вялікага паэта - прадставілі пастаноўку па матывах балады Адама Міцкевіча "Вяртанне таты". У творы пераканальным мастацкім словам аўтар прадэманстраваў моц малітвы.
“Усе мы чакаем дзіваў у перадкалядны перыяд. Ці ж не цуд учыніў Бог, калі падарыў нам вялікі талент Адама Міцкевіча. Паэт нарадзіўся менавіта ў вігілійны вечар 24 снежня 1798 года”, - адзначае Фаіна Малюжэнец, верніца з Навагрудка.
Прадстаўленне было аздоблена музыкай, спевам і чытаннем вершаў. “Кранальным і патрыятычным атрымаўся выступ нашага касцёльнага хору. Яго ўдзельніцы спявалі пра любоў да Бога, да Радзімы, да Навагрудчыны. Гледачы ўзнагародзілі іх вельмі цёплым прыёмам”, - дадае жанчына.
Акрамя мясцовых вернікаў, у сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі малітоўных груп і рэлігійных рухаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ганаровым госцем стаў біскуп Юрый Касабуцкі.
Пасля заканчэння спектакля ўсе сабраныя падзяліліся аплаткай, складаючы адзін аднаму святочныя пажаданні.
“Хочацца падзяліцца найлепшымі ўражаннямі ад знаёмстваў з добрымі людзьмі. Гэта дэкан Паўночна-Заходняга дэканату горада Мінску, пробашч касцёла св. Сымона і св. Алены Уладзіслаў Завальнюк. Шчыра дзякуем за запрашэнне і апеку загадчыцы бібліятэкі імя Адама Міцкевіча пры Чырвоным касцёле, спадарыне Галіне, і арганісту Андрэю Міхневічу”, - падсумоўвае спадарыня Фаіна.
***
Дзякуючы ініцыятыве кс. Юрыя Жэгарына, пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, вернікі штогод адзначаюць дзень нараджэння Адама Міцкевіча мерапрыемствамі з духоўным адценнем, прыцягваючы ўвагу і цікаўнасць навагрудчан.
АМ