2 снежня ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Гродне адбылася малітва ў абарону жыцця. Яна была арганізавана малітоўнай групай “У абарону жыцця”, якая 5 гадоў дзейнічае пры парафіі.
Сустрэча пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой усе прысутныя маліліся ў інтэнцыі сем'яў, ненароджаных дзяцей, медыцынскіх і дзяржаўных службаў, каб змагаліся за кожнае жыццё. Падчас адарацыі ўдзельнікі таксама дзякавалі Богу за дар жыцця і прасілі аб міры для свету, якому найбольш пагражаюць аборты. Атачылі малітвай і ўсіх, каму не хапае павагі да чалавечага жыцця.
Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх маліўся падчас Эўхарыстыі асабліва за ўсіх членаў малітоўнай групы “У абарону жыцця” і аб развіцці гэтай прыгожай справы ў дыяцэзіі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што клопат пра жыццё – абавязак кожнага чалавека. “Усе мы адказныя за дар жыцця і за іншага чалавека, жыццё якога можа быць пад пагрозай. Гэта заклік да актыўнасці праз трывалую малітву ў абарону жыцця, а таксама да ўдзелу ў рознага кшталту таварыствах і малітоўных групах, якія разам утвараюць цывілізацыю жыцця і любові”, – сказаў ён.
Іерарх нагадаў таксама навучанне св. Яна Паўла ІІ, які заклікаў да паставы чуласці і адважнай адказнасці ў дачыненні да жыцця кожнага чалавека, на кожным яго этапе і незалежна ад розных грамадскіх націскаў.
Па словах біскупа, трэба, каб сям’я рашуча стала ў абарону чыстасці сваіх хатніх парогаў і ў абарону годнасці кожнай асобы.
Пасля Імшы адбылася канферэнцыя на тэму “Сучасны выклік для сем’яў: аборты, кантрацэпцыя, ЭКА”. У канферэнцыі Іван Пузанаў, намеснік дырэктара Дабрачыннага фонду ў абарону жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”, клін. псіхолаг, адзначыў, што свецкая прапаганда канцэнтруецца на падрыванні традыцыйных хрысціянскіх прынцыпаў, якія датычаць сутнасці сужэнства, яго характару і трываласці.
Падчас сустрэчы прысутныя мелі магчымасць усвядоміць, што неабходна бараніць жыццё ўсімі сіламі, падтрымліваць яго і дапамагаць яму, каб яно расло да тых памераў, якія прадвызначыў Божы Провід у сваім збаўчым плане для кожнага чалавека, і што сужэнская любоў павінна быць вобразам любові Бога.
Кс. Юрый Марціновіч