У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. 25 лістапада ў капліцы Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
Адпустовую святую Імшу ўзначаліў кс. Валерый Аброшка, пракуратар і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У гаміліі святар звярнуў увагу, што Езус не толькі Валадар Сусвету, але і Валадар кожнага чалавечага сэрца. Валадарства Езуса патрэбна пашыраць на зямлі, і нам трэба задумацца над тым, што кожны з нас робіць, каб пашыраць гэта валадарства праз свае словы, учынкі, працу, штодзённасць, праз вельмі простыя, “шэрыя” рэчы, на якія мы часам не звяртаем увагі.
Падчас Імшы можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб з чыстым сэрцам падзякаваць Езусу за ўсе Яго дары.
Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч падзякаваў кс. Валерыю і вернікам за прысутнасць і шчырую малітву.
Касцёльны камітэт звярнуўся са словамі ўдзячнасці да святароў.
Пасля Імшы адбылося благаслаўленне нядаўна ўсталяванага каля капліцы новага крыжа, які з’яўляецца напамінам усім вернікам аб Тым, хто не пабаяўся аддаць сваё жыццё за кожнага з нас, аб нашым Збаўцы і Валадары.
Людміла Пясецкая