16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Шмат вернікаў прыбыло ў гэты дзень у святыню, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці прадставіць Пану Богу свае інтэнцыі і просьбы. Прысутнічалі таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Біскуп Кашкевіч адзначыў, што ў гэты дзень “думкамі і сэрцам мы пілігрымуем да Той, што ў Вострай свеціць Браме”. “Пілігрымуем сёння да Вастрабрамскай Пані, якая настолькі блізкая кожнаму з нас. Міласэрная, якая клапоціцца пра кожнага”, – дадаў іерарх.
Па словах біскупа, у гэты асаблівы дзень мы даручаем усе патрэбы Касцёла на Гродзеншчыне, усю дыяцэзію, а таксама І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панне Марыі. “Няхай Марыя выпрасіць у свайго Сына мір для нашых сем’яў і ўсяго грамадства, няхай умацуе нашу веру і дадасць нам патрэбнай надзеі. Няхай чувае над нашай дыяцэзіяй”, – сказаў іерарх.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўвесь Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне, галоўнай Апякункай якога з самага пачатку заснавання Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці.
Kс. Юрый Марціновіч