4 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч па запрашэнні душпастырства чыгуначнікаў узначаліў святую Імшу ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве.
Традыцыйна гэтая Імша ўжо шмат гадоў транслюецца па Польскім Радыё, яе слухаюць, духоўна ўдзельнічаючы ў ёй, вельмі шмат вернікаў, найперш хворыя, церпячыя, вязні і іншыя, а таксама жыхары Гродзеншчыны, да якіх дасягаюць радыёхвалі.
Паколькі зараз Касцёл перажывае актаву ўрачыстасці Усіх Святых, біскуп заклікаў прысутных у святыні і радыёслухачоў агарнуць сваімі малітвамі тых, хто адышоў з гэтага свету – нашых дарагіх памерлых.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за ўсіх, хто належыць да Душпастырства чыгуначнікаў у Гродне. У гэтым годзе душпастырства, якое дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка), адзначае 20-гадовы юбілей.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Марэк Мачульскі