2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў вечаровую святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія жыхары горада Гродна, каб агарнуць малітвай сваіх блізкіх спачылых.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ў гэты дзень памерлыя звяртаюцца да жывых і нагадваюць, што постаць гэтага свету мінае і зямное жыццё скіроўваецца да сваёй мяжы.
Іерарх паразважаў над тым, чым з’яўляецца чысцец, дзе прабываюць душы, церпячы за ўчыненыя грахі і такім чынам ачышчаючыся, каб увайсці ў радасць неба.
“Чысцец – гэта дар Божай міласэрнасці, бо ён дазваляе душы здзейсніць ачышчэнне, перш чым яна ўвойдзе ў краіну вечнай радасці”, – дадаў біскуп, тлумачачы, што душы, якія там знаходзяцца, маюць адно вялікае суцяшэнне – упэўненасць у збаўленні.
“Чыстцовыя душы ведаюць, што ніколі не спазнаюць асуджэння, што раней ці пазней брамы неба адчыняцца перад імі і нябесная радасць стане калісьці назаўсёды іх удзелам”, – адзначыў ён.
Па словах біскупа, у пэўным сэнсе чыстцовыя душы ў лепшай сітуацыі, чым жывыя людзі. “Бо мы не ведаем, ці адыдзем з гэтага свету ў стане асвячальнай ласкі, душы ж у чыстцы ўжо ўпэўнены ў збаўленні”, – патлумачыў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што, аднак, у адрозненне ад тых, хто жыве на зямлі, душы ў чыстцы нічога не могуць зрабіць, каб скараціць час свайго цярпення і наблізіць момант сустрэчы з Богам. Людзі, якія жывуць у гэтым свеце, калі сутыкаюцца з якімсьці няшчасцем, могуць разлічваць на дапамогу сям’і, сяброў, знаёмых.
“Як вязень, прыкуты за рукі ланцугом да сцяны, не можа сам сябе вызваліць, і яму застаецца толькі чакаць паратунку і прасіць аб вызваленні, падобна душы, якія знаходзяцца ў чыстцы, як бы прыкутыя кожная да свайго пакарання і могуць толькі чакаць, калі настане момант вызвалення”, – падкрэсліў іерарх.
Біскуп заклікаў усіх прысутных ахвяроўваць за памерлых малітвы, святыя Імшы, адпусты, прымаць у іх інтэнцыі святую Камунію, а таксама спаўняць добрыя ўчынкі.
Kс. Юрый Марціновіч