20 кастрычніка адбылася першая ў гісторыі інаўгурацыя ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне.
На першы год навучання, якое адбываецца па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса), было залічана 30 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Адметнасцю з’яўляецца тое, што на першы год сёлета паступілі таксама грэка-католікі і лютэране.
Інаўгурацыя пачалася ўрачыстай Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Эўхарыстыю ўзначаліў у інтэнцыі ўсіх адказных за гэтую новую навучальную ўстанову ў Касцёле ў Беларусі і ўсіх яе навучэнцаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх адзначыў, што Гродзенскай дыяцэзіі патрэбны адданыя катэхеты і добра адукаваныя хрысціяне, якія будуць умела дзяліцца здабытымі ў каледжы ведамі з іншымі. Біскуп пажадаў, каб новы навучальны год прынёс у жыцці кожнага навучэнца каледжа плёны ведаў, досведу і жыццёвай мудрасці, а самае важнае – каб умацаваў веру.
Іерарх даручыў каледж, яго выкладчыкаў і навучэнцаў надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, i святога Казіміра, апекуна гэтай установы. Пасля Імшы навучэнцы атрымалі заліковыя кніжкі.
Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю ў канцы жніўня гэтага года. Ён быў заснаваны на базе Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
Галоўнай задачай каледжа з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама пашырэнне ўласных гарызонтаў і рэлігійных ведаў навучэнцаў.
У каледжы можна атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч