Skip to main content

Фацімскае набажэнства ў Сапоцкіне: з любові да Марыі спаўняць жаданні Езуса

sapockin fatima1У 13-ы дзень кожнага месяца з мая па кастрычнік у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбываліся фацімскія набажэнствы.

Вернікі збіраліся на супольны Ружанец, аб якім у 1917 г. падчас аб’яўленняў у Фаціме прасіла сама Найсвяцейшая Панна Марыя, затым вакол святыні праводзілася працэсія з фігурай Маці Божай, а пасля – святая Імша, на якой у гаміліі святары нагадвалі пра патрэбу навяртання, пакаяння і малітвы.

13 кастрычніка ў сапоцкінскім касцёле адбылося апошняе такое набажэнства, якое сабрала шмат парафіян, неабыякавых да просьбаў і ўказанняў Марыі, якія скіроўваліся больш за 100 гадоў таму з партугальскай Фацімы. Набажэнства ўзначаліў пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі.

sapockin fatima2

Святар нагадаў вернікам, што не трэба захапляцца цудамі, якія праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі спазнаюць іншыя, але трэба з верай і прастатой дзіцяці адкрыць сваё сэрца на дзеянне Бога. Тады кожны чалавек можа атрымаць Божае благаслаўленне, штодзённа неабходнае, і стаць сведкам духоўных і цялесных аздараўленняў.

sapockin fatima3

Праз удзел у фацімскіх набажэнствах вернікі парафііі выказалі жаданне і далей ахвяраваць сваю працу, цяжкасці і цярпенні штодзённасці як кампенсацыю за свае грахі ў інтэнцыі тых, хто яшчэ далёка ад Бога. З любові да Марыі яны хочуць спаўняць усе жаданні Сэрца Езуса, жыць паводле Божых запаведзяў, вучэння Хрыста і Касцёла, ачышчаць свае душы ад грахоў і карміць іх Хлебам жыцця.

Kс. Юрый Марціновіч