Skip to main content

Біскуп Кашкевіч з пастырскім візітам у Сялявічах: будуйце сваё сёння і заўтра на Божым фундаменце

seliaviczy1414 кастрычніка ў межах візітацыі Слонімскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў невялікую, але вельмі жывую парафіяльную супольнасць Св. Барбары ў Сялявічах.

Разам з вернікамі іерарх памаліўся Вяночак да Божай Міласэрнасці, а затым звярнуўся да іх з пастырскім словам. Пробашч парафіі і дэкан Слонімскага дэканату кс. Ігар Анісімаў пазнаёміў біскупа са спецыфікай гэтай супольнасці і з праблемамі, з якімі сёння яна сустракаецца.

У сваім слове іерарх звярнуў увагу на важнасць малітвы ў жыцці кожнага чалавека, адзначыўшы, што асабліва ў гэтым месяцы кастрычніку належыць маліцца на ружанцы. Біскуп падкрэсліў, што яго жаданне – каб у кожным доме вернікі цэлымі сем’ямі маліліся Ружанец.

Іерарх падзякаваў парафіянам за вернасць Богу і Яго Касцёлу, за тое, што, нягледзячы на розныя цяжкасці, трываюць у веры і на хрысціянскіх каштоўнасцях хочуць будаваць сваё сёння і заўтра.

На заканчэнне сустрэчы прадстаўнікі парафіі падзякавалі за пастырскае слова і благаслаўленне і запэўнілі ў сваёй малітве ў інтэнцыі біскупа і ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі.

Kс. Юрый Марціновіч