Skip to main content

Кананічная візітацыя ў Правых Мастах: ахвярнасць і пабожнасць

prawyja masty 1 235 кастрычніка ў межах кананічнай візітацыі Мастоўскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Cв. Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах. Па старадаўнім звычаі іерарха прывіталі ў парафіі хлебам. Затым пробашч кс. Юрый Ігнатовіч прадставіў справаздачу. У сваім слове святар адзначыў, што да парафіі належыць 600 чалавек і гэта “людзі добрыя, пабожныя, якія захоўваюць ранейшыя традыцыі”.

Пробашч дадаў, што ў парафіі дзейнічаюць малітоўныя групы, такія, як Кола адарацыі, ружанцовыя колы. Таксама некалькі вернікаў старэйшага ўзросту належаць да Францішканскага ордэна свецкіх.

Як падрэсліў пробашч, вернікі тут вельмі ахвярныя, бо ўсе справы, якія выконваюцца пры касцёле і ў парафіі, магчымыя выключна з іх матэрыяльных ахвяраў, без дапамогі якіхсьці знешніх спонсараў.

prawyja masty 1 15

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію. Ён агарнуў малітвай як старэйшае, так і малодшае пакаленне, памятаючы пра пажылых і хворых.

У пастырскім слове іерарх заклікаў вернікаў далей трываць з Хрыстовым Касцёлам, а таксама праз свае канкрэтныя ўчынкі ў адносінах да іншых людзей, добрыя словы і гарачую малітву, імкнуцца да дасканалага жыцця, да якога запрасіў усіх Езус.

Кананічная візітацыя завяршылася падпісаннем парафіяльных кніг і братэрскай сустрэчай са святарамі Мастоўскага дэканату, на якую запрасіў усіх пробашч парафіі.

Kс. Юрый Марціновіч