6 кастрычніка прадстаўнікі душпастырства чыгуначнікаў у Гродне прынялі ўдзел у прывядзенні ў парадак старых каталіцкіх могілак горада.
Добрае надвор’е спрыяла таму, каб у сувязі з набліжэннем успаміну ўсіх памерлых вернікаў навесці парадак на магілах католікаў, якія адышлі ў вечнасць.
На сённяшні дзень ансамбль старых гродзенскіх могілак з’яўляецца адным з самых даўніх прыкладаў цэласных гарадскіх камунальных пахаванняў на тэрыторыі Беларусі.
Каталіцкія могілкі заснаваны ў 1792 годзе на выдзеленым з зямельнага фонду каралеўскай эканоміі надзеле ля ўсходняй мяжы горада. Іх стварэнне выклікана рашэннем выносіць з цэнтраў гарадоў могілкі пры парафіяльных храмах і кляштарах і ўтвараць камунальныя могілкі.
На старых гродзенскіх могілках спачывае шмат заслужаных асобаў горада, а шматлікія надмагіллі маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Найбольш старажытнае пахаванне – надмагілле Уршулі Вянгерскай (памерла ў 1799 годзе). Тут таксама пахаваны прадстаўнікі розных прафесійных і сацыяльных груп насельнітва Гродна канца XVIII – першай паловы XX стагоддзя.
Многія з іх зрабілі вялікі ўклад у польскую і беларускую культуру і гісторыю. На могілках сярод іншых пахаваны кс. Францішак Грынкевіч – каталіцкі святар, кіраўнік гродзенскага гуртка беларускай моладзі; Аляксандр Тальгейм – гродзенскі ўрач, грамадскі дзеяч, старшыня таварыства аматараў мастацтва “Муза”; Эдвард Лістоўскі – палітычны дзеяч, першы мэр Гродна ў міжваенны час; Эліза Ажэшка – пісьменніца, грамадская дзяячка.
Kс. Юрый Марціновіч