У апошні час убачыла свет кніга “З Гродна за Ласасянку”, якая ўтрымлівае багатую і дакладную гісторыю Сапоцкінскага дэканату.
Аўтарам кнігі, якая выйшла на польскай мове, з’яўляецца а. доктар Юзаф Макарчык OFMConv., які шмат гадоў быў пробашчам гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі), а зараз служыць у Вільні (Літва).
Кніга засноўваецца на багатых архіўных крыніцах, разглядаючы ўвесь Сапоцкінскі дэканат, які перад заснаваннем Гродзенскай дыяцэзіі належаў да Ломжынскай дыяцэзіі і меў сваю спецыфіку ў звычаях і рэлігійных практыках.
У ёй апісана гісторыя парафій у Адамавічах, Зарачанцы (Баля Касцёльная), Галынцы, Лабне, Перстуні, Сільванаўцах і Сапоцкіне.
Праца паўстала на аснове даследавання Дзяржаўнага Архіву ў Сувалках, Дзяржаўнага Архіву ў Любліне і мясцовых парафіяльных архіваў. У кнізе 9 раздзелаў. У першым прыводзяцца агульныя звесткі, якія датычацца адміністратыўных структур гэтых мясцовасцяў і структур Каталіцкага Касцёла на гэтай тэрыторыі. Астатнія раздзелы прысвечаны асобным мясцінам, дзе знаходзяцца святыні.
Прэзентацыя новай кнігі прайшла 14 верасня падчас адпустовых урачыстасцяў у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы ў прысутнасці духавенства і вернікаў.
У размове з карэспандэнтам grodnensis.by аўтар кнігі а. Юзаф Макарчык сказаў, што ў ёй распавядаецца між іншым пра лёсы касцёлаў, якія пераходзілі вельмі часта ад праваслаўных праз грэка-католікаў да рыма-католікаў.
Кажучы пра тое, з якой мэтай ён апрацаваў гісторыю Сапоцкінскага дэканату, францішканін адзначае, што гэта была яго праца з продкамі. “Раней я напісаў кнігу пра парафію ў Ялоўцы, з якой паходзіла мая мама. Зараз хацеў напісаць штосьці пра гэтыя старонкі, адкуль паходзіў мой бацька. З XVII ст. сям’я Макарчыкаў пражывала на тэрыторыі парафіі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная). Для мяне было важна, каб гэтая кніга ўбачыла свет”, – дадае а. Макарчык.
Па словах святара, такім чынам ён хацеў аддаць пашану сваім продкам, задакументоўваючы тое, што знаходзілася ў Сапоцкінскім дэканаце. “Мой бацька ўвесь час апавядаў пра свае мясціны, пра тое, як людзі жылі там і што для іх значыў касцёл і ўсё, што святое і Божае”, – кажа а. Юзаф, падкрэсліваючы, што адчувае асаблівую сувязь з гэтымі тэрыторыямі.
“Ніколі не скажу дрэннага слова пра гэтыя мясціны, адкуль паходзілі мае продкі”, – падсумоўвае францішканін.
Kс. Юрый Марціновіч