16 верасня ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы святую Імшу ў інтэнцыі дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У Імшы прынялі ўдзел дзеці і моладзь разам з бацькамі. Большасць з іх прыбыла ў пешай пілігрымцы з Гродна. Усе маліліся аб Божым благаслаўленні на новы навучальны і катэхетычны год.
На пачатку літургіі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі прывітаў усіх, хто прыбыў у гэты дзень на Узгорак надзеі. Святар выказаў радасць, што сёлетнія ўрачыстасці ўзначальвае біскуп Антоні Дзям’янка, які асабліва звязаны з Касцёлам на Гродзеншчыне.
Біскуп у гаміліі нагадаў, што заданне кожнага католіка – вызнаваць Хрыста, які жыве ў Касцёле тут і цяпер. Па словах іерарха, гэтаму павінны навучыць кожнага чалавека яго бацькі, бо гэта найпрыгажэйшы абавязак у адносінах да Бога і Касцёла.
“Выхаванне да каштоўнасцяў пачынаецца ў сям’і. Таму трэба цаніць час супольных сямейных сустрэч, размоў, пасілкаў, супольнага адпачынку. Штодзённае прабыванне разам вучыць узаемнаму разуменню, даверу, ахвярнай любові і сапраўднаму сяброўству”, – сказаў біскуп. Іерарх дадаў, што ў сям’і чалавек павінен навучыцца адносінам любові, павагі і сардэчнасці.
Звяртаючыся да настаўнікаў і выхаваўцаў, іерарх звярнуў увагу, што яны выконваюць вельмі важную ролю ў выхаванні новых пакаленняў, і, будучы прыкладам для сваіх вучняў, яны павінны ўсведамляць, што ўласным жыццём прадстаўляюць акрэслены свет каштоўнасцяў. “Настаўнік і выхаваўца не павінен згубіць адпаведнай іерархіі каштоўнасцяў як у асабістым, так і ў працоўным жыцці. Ён павінен быць сведкам вартасцяў, якія вызнае”, – падкрэсліў біскуп.
Па словах іерарха, углядаючыся ў прыклад жыцця Марыі, можна ўбачыць узор прыгожай выхаваўчай любові – любові клапатлівай і чулай, а адначасова поўнай і сталай, якая не глядзіць толькі блізарука, а дасягае да гарызонту Божых прызначэнняў. “Бо веру, як вучыць Хрыстус, што супольная і згодная малітва можа прынесці належныя плёны і прыгожай, хоць і нялёгкай справе выхавання маладога пакалення”, – дадаў біскуп.
Іерарх пажадаў, каб навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, быў для кожнага дзіцяці і маладога чалавека дыяцэзіі паспяховым, прынёс прагрэс у вучобе, а найперш – плён узрастання веры і любові да Езуса.
На заканчэнне біскуп асвяціў школьныя прылады і удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык, семінарыст