15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася пешая пілігрымка з парафіі свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі да Маці Божай Дудскай.
У парафіяльным касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах знаходзіцца старадаўні абраз Маці Божай.
Ва ўрачыстасць у мястэчка ішлі пілігрымы не толькі з Іўя, але і з усяго наваколля, каб памаліцца каля абраза Маці Божай Дудскай, даверыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень, аддаць у апеку свае сем’і.
Працягласць пілігрымкі Іўе – Дуды складае толькі 6 кіламетраў, і яна заняла 2 гадзіны. За гэты час 75 пілігрымаў змаглі скласці ахвяру Панне Марыі і памаліцца ў сваіх інтэнцыях.
Кожны пілігрым, прыйшоўшы да святыні ў Дудах, даручыў перад абразом Найсвяцейшай Маці свае асабістыя справы і штодзённыя клопаты. Перад цудатворным абразом была хвіліна на шчырую размову з Богам.
Пешую пілігрымку з Іўя ў Дуды ў чарговы раз арганізавалі і правялі кс. Ян Гавецкі і кс. Алег Яновіч, якім дапамагалі с. Ірэна і с. Марына.
Раман Ярмош