18 чэрвеня, у першы дзень X юбілейнай Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якая праходзіць у Гродне, удзельнікаў чакалі конкурсы малюнкаў, шашак і рэлiгiйнай песнi “Sacro Song”.
Усе ўдзельнiкi конкурсу рэлiгiйнай песнi былi падрыхтаваны. Прыгожыя касцюмы, музычная апрацоўка, сцэнiчная пастаноўка былi на даволi высокiм узроунi.
Перад выхадам на сцэну многія адчувалі боязь і няўпэўненасць. Кожны хацеў выступіць як найлепей. Карына Багдзевiч з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адзначае, што ўпершыню выступае на сцэне ў музычным конкурсе на Парафіядзе Гродзенскай дыяцэзіі. “Вельмi хвалююся, бо бачу, што мае канкурэнты моцныя, вельмi высокi ўзровень, але пераканана, што ўсё пройдзе як трэба”, – кажа яна.
Для іншых выхад на сцэну – штосьці нармальнае, натуральнае, бо яны да гэтага прывыклі, выступаючы на розных касцёльных і свецкіх імпрэзах.
“Для нас музыка – гэта жыццё. Мы прафесiйна займаемся музыкай: наведваем музычную школу. Дзякуючы музыцы можна праслаўляць Бога. Хто спявае, той двойчы молiцца”, – адзначаюць удзельніцы дуэту дзяўчат з парафii Маці Божай Анёльскай у Гродне Вiкторыя Жэгала i Марыя Хадароўская.
У конкурсе шашак у гэтым годзе зарэгiстравана шмат дзяўчат i хлопцаў у катэгорыi В. Як падкрэслівае ксёндз Антонi Абухоўскі, адказны за гэты конкурс, дзецi лiчаць, што гэты вiд спорту лёгкi, i таму запiсваюцца, каб прыняць у ім удзел. Але на самой справе гэта вельмi складаная гульня.
“Каб навучыцца добра гуляць, трэба шмат трэнiравацца”, – дадае святар. Па слвоах кс. Абухоўскага, у гэтым конкурсе некаторыя хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічаюць ужо ў пяты-шосты раз i адразу бачны iх высокi узровень. Ёсць дзецi, якiя займаюцца шашкамi ў спартыўных школах.
Адзiн з удзельнiкаў гэтага конкурсу, Аляксей Целеш з парафii Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, адзначае, што гэта для яго ўжо не першы раз і ён займаў розныя месцы, пачынаючы з таго, што не ўваходзiў у дзясятку лепшых, i нават дасягаў першага месца. “Веру ў тое, што ў гэтым годзе ўсё ў руках Пана Бога”, – кажа Аляксей.
Некаторыя кажуць, што любяць шашкі з дзяцінства, вучыліся гуляць дома з бацькамі. Дарына Грынашкевiч з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах распавядае, што гуляе ў шашкі з дзяцінства і вельмі любіць гэта. “I тут такi шанец: прыняць удзел i, магчыма, перамагчы. Ад гульнi ў шашкi я атрымоўваю задавальненне”, – дадае Дарына.
Конкурс малюнка таксама прайшоў вельмi насычана. Удзельнiкi ў розных варыянтах паказвалi ўваскрослага Хрыста, якi нясе ўсiм людям радасную навiну. Перад пачаткам конкурсу Марта Кухнавец з катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне сказала, што будзе маляваць Езуса Хрыста, якi ўзносiцца да нябёсаў. “Паспрабую намаляваць неба акварэллю, а постаць Езуса – алоўкамi”.
Па словах некаторых удзельніц конкурсу малюнка, з маляваннем яны плануюць звязаць сваю будучыню. Дзiяна Корсак з парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах захацела паспрабаваць свае сiлы ў гэтым, бо хоча стаць мастаком. “Мне вельмi падабаецца маляваць, мяне гэтая справа натхняе на добрыя ўчынкi”, – прызнаецца яна.
Стомленыя, але з радаснымі вачыма, дзеці разам, як адна вялікая сям’я, маліліся і дзякавалі Пану за перажыты дзень, за таленты і дары, якія Ён дае ім кожны дзень.
Пасля благаслаўлення юныя вернікі пайшлі адпачываць, каб заўтра з новымі сіламі дасягаць чарговых вяршыняў.
Дзверы сваіх дамоў для ўдзельнікаў Парафіяды адчынілі вернікі гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Божай Міласэрнасці.
Aнастасія Мішкура
Фота: Баляслаў Гавецкі