Skip to main content

Кс. бп Кашкевіч да супрацоўнікаў “Карытас”

18 красавіка на заканчэнне рэкалекцыі для супрацоўнікаў “Карытас” у рэкалекцыйным цэнтры ў Сапоцкіна была адпраўлена ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Падчас св. Імшы старшыня Канферэнцыі Епіскапату ў Беларусі звярнуўся да супрацоўнікаў “Карытас”.

  Паважаныя святары!

  Узлюбленыя ў Хрысце Браты і Сёстры!

   Адчуваю радасць, што менавіта ў час Вялікага Посту Вы перажываеце гэтыя рэкалекцыі.

  Дзякую шаноўнаму ксяндзу Віталію, дырэктару гродзенскай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, за іх падрыхтоўку і ахвярную працу.

  Дзякую шаноўнаму ксяндзу Віктару, дырэктару нацыянальнага “Карытас” з Мінска, за правядзенне гэтых рэкалекцый для супрацоўнікаў гродзенскага дыяцэзіяльнага “Карытас”.

  Дзякую ўсім тут прысутным супрацоўнікам і валанцёрам “Карытас” у Беларусі, якія штодзённа выконваюць свае абавязкі ў службе развіцця каталіцкай дабрачыннасці. За гэта - маё асаблівае Вам прызнанне.

  Мае дарагія, кожны з Вас мае свае адказныя абавязкі. Вашы намаганні асабліва патрэбны зараз, калі мноства людзей перажывае разнастайныя матэрыяльныя цяжкасці.

  Вельмі спадзяюся, што гэты рэкалекцыйны роздум над сваім штодзённым жыццём і служэннем узбагаціў Вас духоўна і натхніў на далейшую плённую працу. Трывайце як найдаўжэй у сваіх велікапосных пастановах!

  Маім вялікім пажаданнем з`яўляецца тое, каб Вы ўвесь час не толькі сведчылі сваёй працай пра добрую арганізацыю структуры гуманітарнай дапамогі, але, перш за ўсё, неслі адказнасць і Хрыстовую любоў у наша грамадства.

  Наш папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus Caritas Est” прыгадаў, што выразам любові да Бога заўсёды застаецца любоў да іншых людзей.

  У навучанні гэтай жа энцыклікі знойдзем галоўную праграму нашай дзейнасці: “Толькі любоў да бліжняга адкрывае мне вочы на тое, што Бог зрабіў для мяне, і на тое, як вельмі мяне ўзлюбіў. Святыя фарміравалі сваё ўменне любіць бліжніх заўсёды з сустрэчы з Хрыстом у Святой Эўхарыстыі, а гэтая сустрэча здзяйснялася ў служэнні іншым. Любоў Бога і любоў бліжняга – неразлучныя: яны з’яўляюцца адным загадам. Дзве гэтыя любові бяруць свой выток з любові Бога, які першы нас узлюбіў”.

  Жадаю ўсім Вам трываць у Божай любові, каб дакладна бачыць сэнс сваіх намаганняў на карысць іншага чалавека - у сваіх сям’ях і ў працы.

  Няхай Вам штодня хопіць фізічных і духоўных сіл для пераадольвання ўсялякіх цяжкасцей і складаных спраў, а Вашы сэрцы няхай напаўняе радасць служэння.

  Праз заступніцтва Найсвяцейшай Божай Маці Міласэрнасці, нашай Апякункі, няхай Бог паблаславіць усіх Вас, якія ствараеце сям’ю “Карытас” ва ўсёй Беларусі, паблаславіць усіх Вашых родных, а таксама тых, хто з Вамі супрацоўнічае.