24 мая ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначылі свята Марыі Успамогі Хрысціянаў. На свята сабралася ўся салезіянская сям’я Смаргоні: святары, сёстры законныя, салезіяне-супрацоўнікі, аніматары, іх родныя і блізкія, каб разам дзякаваць Марыі за Яе нястомную мацярынскую апеку.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB. У гаміліі святар звярнуў увагу вернікаў на вялікую ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавецтва і канкрэтнага чалавека.
Пробашч адзначыў, што Маці Божая годная найглыбейшай удзячнасці і самых цудоўных падарункаў ад чалавека і што менавіта для Яе кс. Ян Боско разам са св. Марый Дамінікай Мадзарэлло заснавалі Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі – сясцёр салезіянак, якія “ўпрыгожваюць нашу парафію сваёй прысутнасцю і сваім служэннем”. Як адказ на Яе любоў і доказ адданасці Марыі сёстры салезіянкі і святары аднавілі свае абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці.
Адметнай падзеяй дня стала афіцыйнае абвяшчэнне дэкрэта ад інспектара Варшаўскай інспекторыі салезіянаў аб утварэнні першай у Беларусі Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА). 23 жанчыны перад алтаром Пана склалі абяцанні вернасці Марыі Успамозе ў паўсядзённым жыцці, асабліва ў сям’і, на працы, у Касцёле. Асацыяцыя Марыі Успамогі была заснавана кс. Боско для развіцця пабожнасці і любові да Марыі Успамогі і пашаны да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце сярод звычайных людзей. Такім чынам, АДМА з’яўляецца галінай салезіянскай сям’і.
Вялікай радасцю для прысутных стала ўрачыстае асвячэнне фігуры Марыі Успамогі, якую сёстрам салезіянкам і членам Асацыяцыі Марыі Успамогі падараваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB.
Напрыканцы Імшы пробашч удзяліў урачыстае благаслаўленне ўсім прысутным праз заступніцтва Марыі Успамогі. Працягам супольнага святкавання быў салодкі стол у араторыі, на які сабраліся святары, сёстры законныя, усе члены АДМА і іх родныя.
Наталля Субко, член АДМА
Фота: Сяргей Юрэвіч