16 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям i старэйшым вернікам гэтай парафіі. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі каля 70 чалавек.
Пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SР, вітаючы біскупа, святароў дэканату і ўсіх сабраных у святыні, адзначыў, што ўрачыстасць прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці – выключны дзень для чалавека, калі ён адкрываецца на Божыя дары, якія так патрэбны ў тым, каб ісці праз штодзённае жыццё.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу, што сучаснаму свету патрэбны людзі, якія маюць у сабе Божы дух, а мець яго яны могуць толькі тады, калі самі будуць гэтага хацець. Па словах святара, адказам на выклікі штодзённасці павінна стаць адвага і моцная вера чалавека.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў маладых людзей паставіць Бога на першае месца, бо тады жыццё будзе мець глыбокі сэнс. Іерарх дадаў, што толькі вера, якая з’яўляецца дарам Бога, дапаможа вытрываць вялікія цяжкасці і знесці крыжы штодзённасці.
Звяртаючыся да моладзі, якая ў гэты дзень прыняла сакрамэнт канфірмацыі, біскуп заклікаў яе быць для свету жывым Евангеллем і паказваць іншым шлях да Бога сваім прыкладам.
JM