Пра значэнне Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, якая праходзіць у гэтыя дні ў Гродне, і пра свае ўражанні ад яе расказаў у размове з карэспандэнтам Grodnensis.by арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Як нагадаў іерарх, святы Ян Павел ІІ казаў, што моладзь – надзея Касцёла і свету. Папа Францішак у гэтым годзе склікае чарговы, ужо XV, Звычайны Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі. Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама аб’явіў 2018 год у нашай краіне Годам моладзі.
“Усё гэта кажа аб тым, што Касцёл чытае знакі часу і хоча своечасова на іх адказваць, – адзначыў арцыбіскуп. – І адной з вялікіх праблем сучаснага свету з’яўляецца моладзь.
Якой будзе моладзь – такім будзе свет. Мы хочам, каб гэты свет быў добрым, каб у ім не было вайны, каб будавалася цывілізацыя жыцця, цывілізацыя любові, каб людзі паважалі адзін аднаго.
Сёння мы бачым зусім іншыя рэчы: бачым замест любові нянавісць, эгаізм; чалавек імкнецца толькі як мага больш мець, а камусьці штосьці зрабіць, даць – людзям вельмі цяжка. Таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што трэба правесці чарговую Агульнабеларускую сустрэчу моладзі. Яе было вырашана правесці ў Гродзенскай дыяцэзіі – і сёння мы знаходзімся тут, у парафіі на Дзевятоўцы, і ўжо адбылося першае набажэнства ў межах гэтай сустрэчы”.
“Я вельмі ўражаны, добра ўражаны гэтым набажэнствам! – прызнаўся Мітрапаліт. – Такая маса людзей, што не было дзе іголцы ўпасці! Маса моладзі – і ўсе адказваюць, спяваюць, ведаюць рэлігійныя песні, і так шмат людзей прыступае да святой Камуніі”.
Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, гэта “знак таго, што моладзь, нягледзячы на ўсе супярэчнасці і выклікі сучаснага свету, імкнецца жыць з Касцёлам, мець духоўныя каштоўнасці”. “Вельмі радуе глядзець на моладзь, якой у гэтыя дні тут так шмат, якая так горача малілася, і я думаю, што ў Касцёла ў Беларусі, у нашай краіны ёсць будучыня”, – дадаў іерарх.
Кс. Юрый Марціновіч