29 сакавіка ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася св. Імша Вячэры Пана, якая распачала Пасхальны Трыдуум. Вернікі сабраліся ў катэдры, каб памаліцца ў інтэнцыі падзякі за сакраманты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.
Літургію цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх зазначыў, што сакрамант Эўхарыстыі не можа існаваць без сакраманту святарства, а сакрамант святарства - без сакраманту Эўхарыстыі. "Бог скіраваў нас, святароў, каб бласлаўляць людзей праз нашы рукі, праз нашы вочы - заўважаць, праз наша сэрца - дзяліцца любоўю, - сказаў біскуп. - Мы існуем для вас, дарагія...".
Іерарх выказаў шчырую падзяку ўсім вернікам добрай волі, а асабліва апостальству "Маргарытка", за нястомную малітву за святароў, якая з'яўляецца вялікай падтрымкай на нялёгкім душпастырскім шляху. Біскуп заахвоціў прысутных маліцца аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, якія так востра неабходны сучаснаму свету.
Падчас гімну “Хвала на вышынях Богу” загучалі ўсе званы касцёла. Пасля іх гукі замяніў стук драўляных ляскотак.
Напрыканцы св. Імшы Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў т.зв. цямніцу, якая нагадвае пра арышт Езуса ў Гетсіманскім садзе.
Ангеліна Пакачайла
Фота Вольгі Сяліцкай