4 сакавіка ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння ў гэтай парафіі сясцёр з Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі).
На ўрачыстай літургіі сабралося шмат вернікаў, якія прыйшлі выказаць удзячнасць сёстрам за штодзённае служэнне, якое яны выконваюць з вялікай аддданасцю.
Манахіні, што служаць у парафіі, клапоцяцца пра касцёл, пра тое, каб у ім заўсёды было прыгожа і акуратна. Праз катэхезу яны набліжаюць дзяцей і моладзь да Бога, апякуюцца і дапамагаюць адзінокім, бедным, патрабуючым.
На сённяшні дзень пры парафіі служаць тры серафіткі: с. Эўхарыя Хульбуй, с. Гарэцці Міленкевіч і с. Юліта Пятрова.
Урачыстасці пачаліся з мультымедыйнай прэзентацыі, у якой было распаведзена пра штодзённую дзейнасць сясцёр серафітак. Затым дарослыя і дзеці ў падрыхтаваным прадстаўленні расказалі пра пачаткі дзейнасці манахінь у іх парафіяльнай супольнасці і пра справы, якія яны выконваюць.
У прадстаўленні падкрэслівалася, што служэнне серафітак вельмі патрэбна мясцовым вернікам, бо ўплывае на духоўнае і асобаснае развіццё людзей. Дзякуючы гэтаму служэнню людзі становяцца добрымі хрысціянамі і грамадзянамі.
Кульмінацыйным пунктам святкавання была ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх адзначыў, што гэта выключны дзень для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая жадае спяваць радаснае Te Deum laudamus за прысутнасць тут сясцёр законных.
Біскуп падкрэсліў важнасць служэння іншаму чалавеку і ў якасці прыкладу ўзгадаў св. каралевіча Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, літургічны ўспамін якога адзначаўся ў гэты дзень.
“Чалавек служыць Богу тады, калі свядома і дабравольна падпарадкоўвае Яму сваю волю, прызнаючы, што Бог – найвышэйшае Дабро, адзіны Пан і Заканадаўца”, – дадаў іерарх.
Біскуп нагадаў, што святы Казімір служыў Богу вельмі простым, спантанным і натуральным чынам, а гістарычныя крыніцы згодна кажуць аб тым, што ён адзначаўся незвычайнай пабожнасцю: праводзіў доўгія гадзіны на малітве, на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, часта пасціўся, сціпла апранаўся, пазбягаў раскошы, гучных забаваў і задавальненняў.
“Святы Казімір здолеў злучыць гарачую пабожнасць і любоў да Бога з любоўю да бліжняга і служэннем іншаму чалавеку”, – звярнуў увагу іерарх.
Кажучы пра юбілей 25-годдзя працы серафітак у гэтай парафіі, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што яны спаўняюць сваё пакорнае, ахвярнае служэнне сярод вернікаў, атачаючы апекай хворых, самотных, пажылых людзей, а таксама дапамагаючы дзецям і моладзі выспяваць у веры праз катэхезу, малітоўныя і фармацыйныя сустрэчы, паездкі, пілігрымкі i іншыя душпастырскія акцыі.
“Толькі Пан Бог ведае, колькі духоўнага дабра нарадзілася ў сэрцах парафіян дзякуючы служэнню такіх адданых сясцёр, якія, не шкадуючы сіл, кожную хвіліну прысвячаюць абвяшчэнню Евангелля: словам, учынкам і сведчаннем уласнага жыцця”, – заўважыў біскуп.
Словы падзякі і вялікай павагі выказаў іерарх у адрас с. Гарэцці Міленкевіч, якая ў гэтым годзе адзначае залаты юбілей 50-годдзя манаскага жыцця.
Усім сёстрам, якія служаць у сапоцкінскай парафіі сёння, і тым, якія служылі ў ёй раней, біскуп пажадаў, каб на шляху іх далейшага жыцця не было недахопу ў добрых, удзячных людзях, якія сваёй малітвай і любоўю будуць падтрымліваць іх.
“Няхай зерне дабра, якое сёстры пасеялі ў сэрцах нашых вернікаў, узрастае і прыносіць як мага больш шчодрыя плёны, а прыклад служэння Богу і бліжняму, які яны нам пакінулі, няхай будзе натхненнем, каб мы стараліся верна наследаваць Хрыста, які “прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць” (Мк 10, 45)”, – сказаў іерарх.
На заканчэнне парафіяне склалі сардэчныя віншаванні манахіням. Яны дзякавалі за іх штодзённую працу, а найперш за штодзённую прысутнасць сярод іх, жадаючы, каб кожны дзень у Сапоцкіне быў прыгожым і радасным служэннем Богу, Касцёлу і людзям.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук