У апошні час быў распрацаваны лагатып агульнабеларускай сустрэчы каталіцкай моладзі, якая адбудзецца з 29 красавіка па 1 мая пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
На лагатыпе прадстаўлены крыж, сэрца і выява Маці Божай, а таксама змешчана тэма сустрэчы: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30).
Aгульнабеларуская сустрэча моладзі будзе прымеркавана да Года моладзі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі i спалучана з юбілейнымі 25-мі Дыяцэзіяльнымі днямі моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Ксёндз канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, ужо сёння заклікае моладзь з усёй краіны да ўдзелу ў гэтай сустрэчы. “Гэта будзе наша сумеснае свята маладосці і сведчання пра тое, што ў Беларусі ёсць шмат адданай Пану Езусу і Панне Марыі маладых людзей, якія шчырым сэрцам жадаюць верыць Богу і сустракацца разам”, – адзначае святар.
У найбліжэйшы час будзе абвешчана праграма сустрэчы і ўмовы ўдзелу ў ёй.
Кс. Юрый Марціновіч