Skip to main content

Mалітва за хворых прайшла ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы

lida malitwa 612 лютага ў капліцы Маці Божай з Люрда Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі пацыентаў бальніцы, горада Ліда і вернікаў, якія належаць да малітоўнай групы Жывога Ружанца.

Малітоўная сустрэча была прымеркавана да Сусветнага дня хворых, які ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 11 лютага.

Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне кс. Віктар Захарэўскі, таксама ў ёй удзельнічаў душпастыр Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы кс. Юрый Бяганскі.

У гаміліі кс. Віктар Захарэўскі звярнуў увагу на ролю Панны Марыі ў духоўным жыцці кожнага верніка. “Кожны хрысціянін з’яўляецца сынам або дачкой Марыі, Яна падтрымлівае ў цярпеннях і нават пасля смерці клапоціцца аб сваіх дзецях”, – адзначыў святар. Ксёндз Захарэўскі заклікаў таксама ўзносіць малітвы да Бога праз Марыю, любіць Яе ўсім сэрцам і заўсёды адказваць вернасцю жыцця Езусу.

lida malitwa 10

Падчас літургіі вернікам быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых.

Урачыстая святая Імша ў бальніцы з нагоды Сусветнага дня хворых, які быў устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ у 1992 г., ужо стала традыцыяй і цэлебруецца кожны год.

На малітве збіраюцца як пацыенты бальніцы, так і іх блізкія. Такім чынам арганізатары гэтых сустрэч жадаюць зрабіць вернікаў чулымі да служэння хворым, а самім хворым і церпячым жадаюць паказаць, што ў гэтым нясенні крыжа хваробаў яны не самотныя, а з імі Бог, а таксама шмат людзей, якія хочуць прыйсці з працягнутай ім рукой дапамогі і добрым словам.

Як адзначае кс. Юрый Бяганскі, “у гэты дзень мы асабліва памятаем пра тых хворых, які жывуць побач з намі і якім мы можам якімсьці чынам дапамагчы”.

Вікторыя Кужко